Выбары ў Беларусі 2015

Жарсці ў справе мігрантаў працягваюцца і ўсё больш падзяляюць Еўропу

video

Усе рашэнні кіраўніцтва Нямеччыны мусяць распаўсюджвацца толькі на яе, а не на ўсю Еўропу. З такой заявай прэм’ер Вугоршчыны выступіў у рэгіянальным парламенце Баварыі пасля паседжання лідараў краін Еўразвязу.

«Я не сумняюся ў праве Нямеччыны вызначаць свае маральныя абавязкі. Яны могуць вырашаць, ці прымуць яны кожнага ўцекача ці не. Але гэтае рашэнне павінна быць абавязковым толькі для іх», – заявіў вугорскі прэм’ер.

Віктар Орбан абвінаваціў Мэркель у спробе навязаць сваё бачанне адкрытага Еўразвязу ўсім астатнім краінам і назваў гэткую пазіцыю «маральным імперыялізмам».

Вугорскі прэм’ер мае свой варыянт развязання міграцыйнага крызісу – пабудову сцяны ўздоўж мяжы з Сербіяй ды ўзмацненне адказнасці за нелегальную міграцыю. Гэтыя захады ўжо прывялі да пэўных зменаў – хваля замежнікаў рынулася ў Еўропу праз Харватыю.

Цяпер на сербска-харвацкай мяжы сабраліся тысячы ўцекачоў у спадзяванні трапіць у заможныя краіны аб’яднанай Еўропы. Праз гэта Харватыя зачыніла сем з васьмі пунктаў пропуску. Сербія ж у адказ забараніла ўвоз тавараў з суседняй краіны, на што атрымала забарону ўезду транспарту з сербскай рэгістрацыяй.

Дарэчы, будуе сцяну на мяжы і Славаччына. Уцекачы ж па-ранейшаму ўспрымаюць гэтыя, далёка не самыя заможныя краіны, як транзітныя.

Еўразвяз жа чакае ад мігрантаў павагі да традыцыяў, правілаў і каштоўнасцяў ды гатовасці вучыць мову краіны, што іх прымае. На гэтых тэзах асабліва засяродзілася канцлерка Нямеччыны падчас выступу ў Бундэстагу.

Небеспадстаўныя і перасцярогі еўрапейцаў, што разам з уцекачамі ў Еўропу могуць прыйсці тэрарысты. Сірыйскія курды, напрыклад, заявілі, што ў нядаўна збітым з ног вугорскай журналісткай трэнеру апазналі баевіка «Аль-КАіды».

Магчыма, менавіта дапасаваць іншую культуру ды іншыя каштоўнасці стане больш складана, чым размеркаваць, накарміць і апрануць 120 тысяч уцекачоў, якіх ужо больш або менш ахвотна пагадзілася прыняць Еўропа.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ