Выбары ў Беларусі 2015

Культура: Ленан і Шагал — на трансфарматарных будках


Джон Ленан ужо ў Віцебску, Элізабет Тэйлар у Гомлі, а крыж Еўфрасінні ўсцяж у Полацку і ўсцяж без спонсараў.

«Фотаальбом забытых фотаздымкаў» у Гомлі

У эру інтэрнэту калекцыянаванне фотаздымкаў можа падацца дзіўным захапленнем, але калісьці гэта быў цэлы асобны сусвет. Любоў Арлова, Элізабэт Тэйлар, Анатоль Вярбіцкі, Людміла Марчанка – больш за 250 фота савецкіх і замежных артыстаў можна пабачыць на выставе ў гомельскім Музеі фатаграфіі. Незвычайную калекцыю падарыла гораду гамяльчанка Святлана Банарэнка. Апроч здымкаў на выставе прэзентаваныя рэчы, якія адлюстроўваюць гісторыю развіцця тэатру ды кіно. Выстава будзе дзеяць да першага лістапада.

Ордэн Скарыны для Мікалая Кузьміча

Беларускі мастак-эмальер узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Мікалай Кузьміч у дзевяностыя аднавіў духоўную святыню Беларусі – крыж ювеліра Лазара Богшы, створаны ў дванаццатым і бясследна зніклы падчас другой сусветнай вайны. Адноўлены крыж захоўваецца ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

У мінулым годзе майстар перарабіў верхні бок крыжа, самастойна знайшоўшы спонсараў. На зваротны ж бок па-ранейшаму патрэбныя сродкі і, на жаль, больш чым на дзяржаву, мастак спадзяецца на дапамогу вышэйшых сілаў.

Пакуль жа новаспечаны лаўрэат ордэна Францыска Скарыны працуе над камерцыйнымі праектамі, каб мець магчымасць аплочваць майстэрню, ды рыхтуе ў лістападзе юбілейную выставу.

Джон Ленан у Віцебску

Толькі-толькі адзначылі семдзесят пятую гадавіну Джона Ленана, і ў Віцебску ўжо з’явілася ягоная выява. На трансфарматарнай будцы ў адным з віцебскіх двароў з’явіўся новы твор стрытарт-групы «СтрытСкілз», прысвечаны легендарнаму музыку.

Графіцісты з «СтрытСкілз» дзеюць адносна нядаўна, але ўжо набылі вядомасць у горадзе, бо толькі за апошнія месяцы ў Віцебску з’явілася з паўдзесятка іхных працаў, у тым ліку выявы Марка Шагала ды Джымі Гэндрыкса.

Увогуле ў горадзе працуе некалькі групаў графіцістаў, якія стварылі прыблізна два дзясяткі выяваў зорак на трансфарматарных будках.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ