Выбары ў Беларусі 2015

Свет: Хто стаіць за тэрактам у Анкары?


Суботнія выбухі ў Турцыі забралі амаль 100 жыццяў.

У выніку тэракту ў Анкары, які ўжо назвалі самым трагічным інцыдэнтам у гісторыі краіны, паводле афіцыйных звестак загінулі 97 людзей, 250 асобаў пацярпелі. Курдскія актывісты называюць большыя лічбы.

Два выбухі з розніцаю некалькі секундаў каля 10-й раніцы адбыліся ў суботу ў турэцкай сталіцы падчас пракурдскай дэманстрацыі.

Улады Турцыі сцвярджаюць, што падвойную атаку здзейснілі тэрарысты-смяротнікі. Пакуль адказнасці за тэракт, які адбыўся за тры тыдні да парламенцкіх выбараў, не ўзяла ні адна радыкальная групоўка. Між тым, паводле следчых органаў, найбольш імаверны арганізатар выбухаў – «Ісламская дзяржава». Мэтаю баевікоў можа быць жаданне напярэдадні выбараў яшчэ больш абвастрыць стасункі паміж кіроўнаю прапрэзідэнцкай партыяй АКП і курдамі.

Ахмет Давутаглу, прэм’ер-міністр Турцыі:

На гэты момант групы, што маглі здзейсніць атаку, відавочныя: «Ісламская дзяржава», Працоўная партыя Курдыстану, Марксісцка-ленінская камуністычная партыя і Партыя-фронт рэвалюцыйнага вызвалення народу. Расследаванне працягнецца з улікам патэнцыйных падазраваных.

Прадстаўнікі ж пракурдскай Дэмакратычнай партыі народаў не выключаюць датычнасці да тэрактаў уладаў краіны і сцвярджаюць, што лічбы ахвяраў заніжаныя.

Тэракт у Анкары адбыўся на фоне агульнага рэгіянальнага хаосу, які ўсё больш зацягвае краіну. З суседняй Сірыі Турцыя прыняла прыблізна 2 мільёны ўцекачоў, а ў ліпені прэзідэнт Рэджэп Эрдаган пасля тэракту «Ісламскае дзяржавы» на турэцка-сірыйскай мяжы дазволіў ЗША выкарыстоўваць турэцкую авіябазу. Дадатковае напружанне набылі стасункі паміж Масквой і Анкарою, у выніку перасячэння расейскай авіяцыяй паветранай прасторы Турцыі. Апазіцыя патрабуе адстаўкі міністраў і адказнасці ўладаў за далейшае ўцягванне краіны ў крызіс.

Кемаль Кылычдараглу, лідар Рэспубліканскай народнай партыі:

Кірунак міжнароднай палітыкі, які выбраў урад, прынёс тэрор у нашую краіну, і мы мусім пазбыцца гэтага лёсу. Турцыя мусіць вырвацца з гэтае блізкаўсходняе багны.

Між тым турэцкія сілы працягваюць вайсковую кампанію супраць курдаў з Працоўнай партыі Курдыстану. У паветраных атаках у суботу і нядзелю загінулі 49 чальцоў курдскай групоўкі.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ