Выбары ў Беларусі 2015

У Горадні напалі на пікет Анатоля Лябедзькі

video

П’яны мужчына разам з «братам» спрабавалі зламаць агітацыйны стэнд і накінуліся на пенсіянера-збіральніка подпісаў.
Спярша падвыпіўшы мужчына падышоў недзе аб 11:30, калі пікет толькі расклаўся, распавядае актывіст Мікалай Воран. Пасля некалькіх абразаў у бок актывіста і ягонага кандыдата, хуліган перакуліў стэнд, а пенсіянера спадара Ворана ўдарыў бутэлькаю ў грудзі.

«Калі ён убачыў на стэндзе партрэты Буша, Кубілюса і Мэркель побач з Лябедзькам, мужчына пачаў крычаць, што мы 5-я калона і амерыканскія шпіёны, працуем выключна за долары. Палез біцца», – распавядае Мікалай Воран.

Пасля штурханіны нападнік хутка знік, сеўшы у таксоўку, якая яго і прывезла да ўніверсаму на Фартах, дзе ладзілі пікет.

Праз паўгадзіны, калі на месца здарэння прыехалі журналісты, нападнік вярнуўся, але ўжо з «братам». «Брат» быў цвярозы, твар хаваў за цёмнымі акулярамі, а ўсё, што адбываецца, намагаўся здымаць на мабільны тэлефон.

П’яны зноў пачаў сыпаць абразамі, гэтым разам і ў бок журналістаў, якія, паводле яго словаў, «здрадзілі Радзіме». Сам сябе мужчына назваў «рускім». Некалькі разоў хуліган спрабаваў разбіць здымачную тэхніку. Калі хуліган зноў палез біцца, побач апынуліся міліцыянты, што выклікаў Воран, якія і забралі п’янага ў мікрааўтобус.

АК, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ