Выбары ў Беларусі 2015

ЦВК не заўважае парушэнняў пры зборы подпісаў за Лукашэнку

video

Яшчэ амаль тыдзень таму, кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што неабходныя 100 тысяч подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты сабраў пакуль толькі Аляксандр Лукашэнка. Аднак інфармацыя, якая штодня трапляе да назіральнікаў, даказвае, подпісы за дзейнага кіраўніка Беларусі не заўжды збіраюцца паводле заканадаўства.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» атрымалі чарговыя сведчанні выкарыстання ўладамі адміністратыўнага рэсурсу. Гэтак у Менску на прадпрыемстве «Амкадор», ідэолаг, выклікаў да сябе па аднаму прадстаўніку структурных падраздзяленняў прадпрыемства, раздаў падпісныя лісты і загадаў распачаць збор подпісаў за дзейнага кіраўніка Беларусі.

ПРАЦАЎНІКІ «АМКАДОРУ»:

«Хадзілі заганялі ў кабінеты, каб падпісваліся. Але я асабіста не пайшоў».

«У кабінет выклікалі. Н указалі, маўляў усё роўна можаце за некалькіх падпісвацца».

«Прыходзілі да мяне, але я адмовіўся».

А вось у Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі, каб дапамагчы Лукашэнку, выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі. Праз сістэму ўнутраных паведамленняў супрацоўнікі атрымалі запрашэнне ўзяць пашпарты і прыйсці ў аддзел кадраў, каб падпісацца за нязменнага кіраўніка Беларусі.

УЛАДЗІМІР ЛАБКОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА:

«Відавочна, што адміністрацыя, стварыла ўмовы падчас працоўнага часу, карыстаючыся службовым становішчам, выкарыстоўваючы залежнасць па месцы працы супрацоўнікаў, прымушаюць падпісвацца за вылучэнне Лукашэнкі»

Цэнтральная выбарчая камісія, якая згодна з Канстытуцыяй мусіць сачыць за парушэннямі выбарчага заканадаўства ды рабіць неабходныя захады ўздзеяння на ініцыятыўныя групы, пра парушэнні пры зборы подпісаў за Лукашэнку нічога не чула.

АЛЕНА ДМУХАЙЛА, СЯБРА ЦВК:

«Паведамленняў пра канкрэтныя факты: на якім прадпрыемстве, хто каго прымушаў у нас канешне няма. Вось Вы мне сказалі цяпер »Амкадор«, ну зараз падумаем што з гэтай інфармацыяй рабіць»

Але, паводле сябры Цэнтрвыбаркаму, нават калі прыйдуць сведкі з доказамі, якія пацвердзяць, што іх прымушалі ставіць аўтографы за дзейнага кіраўніка Беларусі, ЦВК будзе рэагаваць лагодна.

АЛЕНА ДМУХАЙЛА, СЯБРА ЦВК:

«Прадугледжана ЦВК такая захада, агульная за парушэнне выбарчага заканадаўства – гэта вынясенне папярэджання ініцыятыўнай групе або кандыдату».

У адрозненне ад Лукашэнкі, іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты магчымасцяў падключыць дзяржаўны рэсурс не маюць. Застаецца агітацыя. Сімвалічна, што сёння лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прыйшоў на прахадную менавіта «Амкадору».

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ПРЭТЭНДЭНТ У ПРЭЗІДЭНТЫ:

«Мы не выпадкова прыехалі на «Амкадор», бо атрымалі інфармацыю, што загадзя сказалі людзям прыходзіць з пашпартамі, каб выканаць так бы мовіць грамадзянскі абавязак».

Без адміністратыўнага ды фінансавага рэсурсу, паводле апошніх звестак, якія мы атрымалі са штабоў, за два тыдні да канца этапу збору подпісаў, ніводны з апазіцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не сабраў нават паловы ад мінімальна неабходных 100 тысячаў подпісаў выбарцаў. А вось кіраўнік штабу Лукашэнкі Міхаіл Орда хваліцца ўжо паўмільёнамі аўтографаў.

Юрый Салодкі, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ