Выбары ў Беларусі 2015

Караткевіч: Улады зрабілі нас мільянерамі-жабракамі.

video

Поўнае відэа выступу кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, якая выступіла з прамовай на дзяржаўным тэлебачанні. Абяцае не дзяліць беларусаў і скардзіцца на падзенне заробкаў.

Падчас выступу ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» кандыдатка паабяцала «не дзяліць людзей на правых і левых, рускамоўных і беларускамоўных, праўладных і апазіцыйных». А таксама сказала, што «нам сёння патрэбная згода ў грамадстве».

«Спачатку была стабільнасць, пасля застой. Сёння не трэба быць прафесарам эканомікі, каб разумець: наша краіна ў крызісе. Заробкі падаюць, працы ўсё менш, магчымасці скарачаюцца, дзяржава нас не паважае. Мадэрнізацыя правалілася, улады бяздзейнічаюць, прымушаюць нас плаціць за свае памылкі», – заявіла Караткевіч.

Кандыдатка заявіла, што людзі па-злому іранізуюць, таму што «улады зрабілі нас мільянерамі-жабракамі».

«Чаму наша прадукцыя каштуе больш за аналагічную замежную? Таму што патрэбныя грошы на бессэнсоўныя, мутныя дзяржаўныя праграмы: падтрымку мёртвых прадпрыемстваў, на дзяржапарат, што лянуецца і на празмерна раздзьмутую міліцыю», – заўважыла Таццяна Караткевіч.

15 верасня ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання выступіў іншы кандыдат на прэзідэнта – Сяргей Гайдукевіч.

НМ, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ