Выбары ў Беларусі 2015

Караткевіч заклікала ўсіх дэмакратаў далучыцца да ідэі мірных пераменаў

video

Кандыдатка на прэзідэнцтва Таццяна Караткевіч правяла першую прэс-канферэнцыю пасля афіцыйнай рэгістрацыі.

Выступала супраць зносу помнікаў Леніну, рабіла сэлфі з прыхільнікамі «рускага міру». Сёння хоча яднаць вакол сябе дэмакратычную супольнасць. І тая нават пагаджаецца. Пры ўмове – што Таццяна Караткевіч здымецца з выбарчае гонкі. Аднак пра гэта пакуль няма мовы. Кандыдатка правяла сваю першую прэсавую канферэнцыю пасля афіцыйнае рэгістрацыі.

Часцей мяняць уладу і далучыцца ўсім дэмакратам да ідэі мірных пераменаў заклікала сёння Таццяна Караткевіч, першая ў гісторыі Беларусі жанчына-кандыдатка на прэзідэнцтва.

«Запрашаю ўсіх незалежных актывістаў, прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, грамадскіх рухаў, недзяржаўных арганізацыяў далучацца да кампаніі агітацыі. Я сёння адкрываю для вас свае пікеты. Прыходзьце, калі ласка, са сваймі сцягамі, сваймі праграмамі, ідэямі», – кажа кандыдатка на прэзідэнцтва.

Таццяна Караткевіч асудзіла д’ябальскі ўказ аб абмежаванні імпарту і плануе стварыць антыкрызісны план для адсталых прадпрыемстваў. Пры гэтым калі Лукашэнка прапануе Караткевіч пасаду ва ўрадзе, то яна будзе раіцца на гэты конт са сваёй камандаю.

«Толькі поўная супрацьлегласць гэтай уладзе можа гэтую ўладу памяняць. Вось акурат Таццяна Караткевіч поўная супрацьлегласць сённяшняму прэзідэнту па ўсіх прыкметах, пачынаючы ад гендэрных, адукацыі, свайго бэкграунда, думак, праграмы і гэтак далей», – кажа прадстаўнік Таццяны Караткевіч у ЦВК Ігар Лялькоў.

Праўда, намеснік старшыні ПБНФ быў адзіны, хто апроч актывістаў кампаніі «Гавары праўду!» сёння далучыўся да закліку Караткевіч.

Рэшта лідараў апазіцыі далучыцца да каманды кандыдаткі пакуль не спяшаецца. Напярэдадні Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька правялі пікет каля сталічнага ГУМу, падчас якога запатрабавалі ад уладаў правядзення новых выбараў, а ад кандыдатаў – не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе.
Поўная версія матэрыялу – у відэа вышэй.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ