Выбары ў Беларусі 2015

Аляксандр Ярашук: Феномен Лукашэнкі ўвасобіў і прадэманстраваў у жахліва гіпертрафаваным выглядзе калектыўнае несвядомае беларусаў


Філасофскі позірк на вынікі прэзідэнцкіх выбараў ад старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Вынік учорашніх выбараў надаў скончаны выгляд феномену Лукашэнкі. На мой погляд, ён увасобіў у сабе ўсе найгоршыя рысы характару і ментальнасці, уласцівыя многім беларусам – кансерватызм, абмежаванасць, нежаданне і няздольнасць развівацца, зайздроснасць, схільнасць да хітрасці, падману і хлусні. Увасобіў і прадэманстраваў у жахліва гіпертрафаваным выглядзе калектыўнае несвядомае беларускай нацыі. Таму мы павінны разумець, што, змагаючыся з Лукашэнкам, мы змагаемся з адсталасцю і забабонамі нацыі агулам . Змагаемся з яе векавой дрымучасцю, яе нежаданнем нешта мяняць у сваім лёсе.

Але выбару не было – ніхто за нас не выканае гэтай працы, якая патрабуе тытанічных намаганняў…

Кіроўны рэжым сёння ператварыўся ў бервяно, якое ляжыць упоперак дарогі, не даючы і не даючы краіне ісці наперад у сваім гістарычным развіцці. Ён ператварыўся ў кайданы, путы. Гэта, на мой погляд, галоўны вынік і наступствы ўчорашніх так званых выбараў.

І выбар невялікі: ці змірыцца, ці ўсё ж спрабаваць прыбраць гэтае бервяно, парваць путы і кайданы, каб калі не мы, то нашыя дзеці ды ўнукі маглі жыць у свабоднай, дэмакратычнай, квітучай краіне і маглі ганарыцца тым, што яны беларусы.

Аляксандр Ярашук, belprauda.org

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ