Выбары ў Беларусі 2015

Канькамі па лёдзе, або Маркоўны трэш у галаве


Канфармісты ў тапках і рэкорд у датэрміновым нахіленні

Студэнцікі ў тапках і махровых халатах, як зомбі стаялі ў чарзе да выбарчых скрыняў, каб памяняць свае галасы на выходныя ды ложкі ў інтэрнатах. Народ чытаў смс-кі ад Ярмошынай. БРСМаўцы марылі пра «шум ржи». Журналісты фоткалі шэры маўзалей на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў чаканні пратэсту. Няўцямнае булькатанне апазіцыйных «лідараў» уводзіла ў ступар. Куба ўжо тут, сябры! Беларуская Гавана месціцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Але махіта нам усцяж не па кішэні, нягледзячы на абяцанні некаторых самаўпэўненых палітыкаў. Наперадзе пяць гадоў дэпрэсіі пад шэрым крывіцкім небам.

Віват, Лукашэнка! Ты зноўку паставіў рэкорд у масавым нахіленні.

Пасля 36-адсоткавай яўкі на датэрміновым галасаванні стала зразумела, што выбары пройдуць гладка і пад сцягам сістэмнай хваробы «Лазавік-Ярмошына галаўнога мозгу». Вынікі галасавання і лічбы, якія апублікаваў ЦВК, цікавяць хіба што толькі мазахістаў.

Лукашэнка ver 5.0

А ў далёкім 1994 г. усенародна абраны ўрачыста кляўся добрасумленна выконваць свае абавязкі. Праз два дзесяцігоддзі пасля той клятвы нас зноўку чакае «дзень сурка». Паводле выбарчага кодэксу Беларусі яшчэ да канца 2015 г. Аляксандр Лукашэнка прачытае інаўгурацыйную прамову. Пяты раз, спадарства!

У мінулую пяцігодку ён не выканаў аднаго з сваіх галоўных абяцанняў –  заробак $ 1000, спасылаючыся на сусветны крызіс, неспакойную міжнародную абстаноўку і самадурства падначаленых чыноўнікаў. Усе гэта праглынулі. Заціснулі паясы і паставілі свае планы на паўзу. Па вялікім рахунку беларусы пагадзіліся на прапанаваны самым элегантным палітыкам Беларусі бартар – маўчанне ў абмен на гарантыю не дапусціць украінскага сцэнара. Тым часам апошнія пяць гадоў краіна жыве ў стрэсе, пасіўна назіраючы за ростам коштаў, паўзучай дэвальвацыяй і спробамі выбіць чарговы крэдыт на падтрыманне нагавіцаў.

Маркоўны трэш

Замест 35 %, на якія разлічвала Таццяна Караткевіч, адзіны прадстаўнік апазіцыі на гэтых выбарах, яна атрымала 4,42 %. Пра папярэднія вынікі галасавання аўтарка праграмы «За мірныя перамены» даведалася ў сталічнай кавярні «Грунвальд», папіваючы маркоўны фрэш і лунаючы ў мроях пра будучую парламенцкую кампанію, на якую робіць стаўку грамадзянская кампанія «Гавары праўду!».

11 кастрычніка Таццяна Караткевіч паехала з сынам на каток. Фота: svaboda.org

Улічваючы колькасць падораных Караткевіч галасоў, пераможны сцэнар на выбарах у Палату прадстаўнікоў малаверагодны. Ціснуць на ўладу не гатовая ні апазіцыя, ні грамадства. Пра што сведчыць колькасць людзей, што выйшлі 11 кастрычніка на вуліцы Менску адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў. Прагноз на будучыню несуцяшальны. Людзі ўпалі ў кому. Анабіёз грамадства можа зацягнуцца на доўгія гады. Трыумфатар падтрымлівае гэты стан абяцаннямі пра спакойнае і мірнае існаванне. Попыту на рэформы і перамены пакуль няма – прынамсі, бліжэйшым часам ніхто на вуліцах патрабаваць іх не будзе.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ