Выбары ў Беларусі 2015

Алесін: Расея будзе бамбаваць усіх, хто супраць Асада


Аляксандр Алесін. Фота ej.by

Пра сітуацыю ў Сірыі, перспектывы яе развіцця, інтарэсы ЗША і Расеі выказаўся ў інтэрвю журналісту Belsat.eu Яўгену Балінскаму вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

У сераду, 30 верасня, расейская авіяцыя пачала бамбаванні ў Сірыі. У Міністэрстве абароны Расеі паведамляюць пра абстрэлы пазіцыяў баевікоў «Ісламскай дзяржавы», а галоўныя сусветныя медыі кажуць, што рэгіёны, якія зведалі авіяналёты, – падкантрольныя сірыйскай апазіцыі. Паведамляецца таксама пра дзясяткі загінулых мірных жыхароў.

Тэрарысты або мірныя жыхары?

– «Ружовае – гэта тэрыторыя Асада, зялёнае – апазіцыі, шэрае – Ісламскай дзяржавы. У чырвоных рамачках месцы, дзе 30 верасня бамбавалі расейцы». Наколькі гэта падобна да праўды, і каго бамбуе Расея?

– Наагул, тут не ўсе месцы налёту. Паведамляецца таксама, што яны бамбавалі структуры «Ісламскай дзяржавы» (ІД). Думаю, інфармацыя на схеме праўдападобная. Паводле прарасейскіх крыніцаў, пад горадам Хомс яны бамбавалі структуры «Джэбхат ан-Нусра» (сірыйскае аддзяленне Аль-Кайды), якая прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй у ААН. Да таго ж, цалкам можа быць, што былі абстраляныя групоўкі, настроеныя супраць Асада, але якія не падпарадкоўваюцца ні «Джэбхату», ні ІД. Але Расея сказала, што ўсе, хто ваюе супраць Асада, аўтаматычна становяцца мішэнню: альбо пераходзяць у лагер Расеі, Сірыі, Ірану да Іраку, альбо – цэллю для авіяцыі. Хто нападае на Асада, усе будуць падвяргацца авіяналётам: хто не за нас – той супраць нас. Да таго ж, Расея лічыць, што там усе ўсё адно падпарадкаваныя або «Ісламскай дзяржаве» або «Джэбхат ан-Нусра».

– Савет Федэрацыі Расеі даў дабро на правядзенне паветранай аперацыі, і праз паўгадзіны ўжо былі нанесеныя першыя авіяўдары.Чаму такая спешка?

– Ніякай спешкі. Я думаю, Савет Федэрацыі сказаў, што, маўляў, у нас усё гатова, самалёты на ўзлёце, бомбы падвешаныя – давайце дазвол. Рыхтаванне ж вялося даўно: такія рэчы з кандака не робяцца. Трэба было даставіць і бомбы, і самалёты перагнаць – частка самалётаў, відавочна, прыйшла ў разабраным выглядзе, частка – праз Іран. Аперацыя рыхтавалася доўга, можа быць, больш за паўгода.

Вошы тэрору

– Ці сапраўды ўсё парадку з легітымнасцю расейскай аперацыі, і не ў парадку – з аперацыяй НАТО?

– З пункту гледжання міжнароднага права, аперацыя на тэрыторыі іншай дзяржавы можа быць праведзена з дазволу Рады бяспекі ААН або – калі легітымны ўрад (прызнаны ААН) краіны, «якая прымае», папрасіў пра гэта сам. У выпадку з ЗША ні рашэння Рады Бяспекі ААН, ні запрашэння Асада няма. У ААН ёсць прадстаўнік Асада, а значыць, ён прызнаны легітымным лідарам. А Расея фармальна нічога не парушае.

– Якія могуць быць наступствы навядзення парадку Расеяй у гэтым рэгіёне?

– Сітуацыя зайшла ў тупік. ІД ды ўсе іншыя групоўкі, як вошы, пакрылі тэрыторыі Іраку ды Сірыі. І існуюць асцярогі, што рэгіён ператворыцца ў цэнтр падрыхтоўкі баевікоў, якія прасоўваюць ідэю сусветнага ісламскага халіфату. І ўсе асцерагаюцца, што людзі задзейнічаныя ў гэтым (а там сотні чалавек з шмат якіх краінаў свету), атрымаўшы баявы досвед і стаўшы «адмарозкамі», вернуцца на свае радзімы і будуць ажыццяўляць ідэі халіфату. Гэтага ж баіцца і Расея (паводле некаторых звестак, у ІД – каля 3 тыс. расейцаў). Таму ідэя такая: прыстукнуць увесь гэты рассаднік, пакуль яны не распаўзліся. Але пытанне: як гэта атрымаецца? Гэтыя групоўкі вельмі дрэнна звязаныя паміж сабою, што вельмі ўскладняе барацьбу – нават калі знішчыць вярхоўны штаб, кіраваныя палявымі камандзірамі тэрарысты працягнуць супраціў, пераследуючы розныя мэты: рэлігійныя, рабаванне, грошы.

– Мы можам казаць пра тое, што рана ці позна справа дойдзе да наземнай аперацыі з боку Расеі?

– Гэта можна выключыць. Усход такая справа, што нават цяперашнія саюзнікі Расеі, у выпадку яе наземнага наступу, могуць апалчыцца супраць няверных. Як паказвае вопыт Афганістану, прыхільнікі могуць стаць супернікамі.

«Адзіная сіла, здольная перамагчы ІД – сірыйская армія»

– Расейскія медыі шмат пішуць пра няўдалую барацьбу кааліцыі НАТО з ІД…

– Давайце будзем іх не абвінавачваць, а шкадаваць. Уся справа ў тым, што ІД – структура сеткавая: у іх няма буйных груповак, няма буйных базаў і штабоў, ударыўшы па якіх можна ўсё паралізаваць. Можна нейкую колькасць мурашак у мурашніку раздушыць, але рэшта будзе рухацца. Без сухапутнай аперацыі не абысціся. І адзіная сіла (калі яе падмацаваць і ўзброіць), здольная перамагчы ІД – сірыйская армія. Калі яе ўзброіць, то можна спадзявацца на поспех. У выпадку ж прыкрыцця з паветра шанцы ўзрастаюць яшчэ больш.

– У падтрымцы Асада Расеяй вы бачыце выключна добрыя намеры барацьбы з тэрарызмам у рэгіёне?

– Гэтыя намеры не добрыя, а рацыянальна-карыслівыя. Яны, як самі лічаць, паставілі на самага моцнага гульца.

– У чым магчымая выгада?

– Яны хочуць знішчыць рассаднік радыкальнага ісламізму побач з расейскімі межамі. Насамрэч да Расеі там вельмі блізка: улічыце, што яна мае бязвізавы рэжым з Турцыяй, а мяжа Сірыі з Турцыяй практычна адкрытая. Другое – Расея хоча ўсталяваць свой кантроль у важным рэгіёне, стаць там вырашальным гульцом. У Штатаў гэта не атрымалася, таму што яны не знайшлі сабе апоры на зямлі. Расея ж знайшла – рэжым Асада, які яна хоча падтрымаць і вырасціць.

– Пазіцыя ЗША, як яна будзе мяняцца?

– Яны хочуць сыходу Асада, але цяпер згодныя пачакаць ваенных перамог. Таксама яны супраць, каб бамбавалі падрыхтаваных імі апазіцыянераў рэжыму Асада. ЗША хочуць мець палітычны лагер там, каб пасля ўдзельнічаць у палітычным жыцці, і калі Расея іх выбе, то не будзе на каго абаперціся ў пасляваенным урэгуляванні. Але сваім прамаруджваннем ЗША падарвалі свой аўтарытэт – Усход паважае толькі сілу. ЗША не ўдарылі так, што мазгі б паляцелі, таму павага іх сярод тамтэйшых шэйхаў моцна ўпала. Расея таму і сунулася, што ўплыў ЗША знізіўся – яны вельмі дакладна абралі момант.

Гутарыў Яўген Балінcкі, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ