Інвалід па зроку Зміцер Арцёмаў, брутальнае затрыманне якога выклікала розгалас у грамадстве, цяпер у шпіталі.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 18 верасня на станцыі метро «Уручча». Некалькі міліцыянтаў паспрабавалі затрымаць інваліда. Адзін з іх схапіў яго за нагу і пацягнуў уніз па сходах. Людзі кінуліся бараніць мужчыну.
Людское абурэнне вылілася ў інтэрнэт-прастору. У сацыяльных сетках людзі нават патрабавалі адстаўкі міністра ўнутраных справаў.
«Белсату» стала вядома, што супраць Змітра Арцёмава распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам.
Цяпер ён у 10-м клінічным шпіталі сталіцы ў аддзяленні афтальмалогіі. Перад дзвярыма ягонай палаты дзяжураць праваахоўнікі. Гэта сведчыць пра тое, што спадар Зміцер застаецца пад вартаю і яму забаронена кантактаваць з людзьмі.
Любоў Лунёва, belsat.eu