Кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, старшыню Ліберальна дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Сяргея Гайдукевіча на тэледэбатах будзе прадстаўляць яго давераная асоба, першы намеснік старшыні партыі Алег Гайдукевіч.
«Пасля выступаў трох кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, шматлікіх званкоў і зваротаў грамадзянаў цалкам відавочна, што большасць адзначыла перадвыбарчы выступ Гайдукевіча як найлепшы і правядзенне тэледэбатаў бескарысна, ладзіць спрэчкі не мае ніякага сэнсу», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЛДПБ.
Як паведамлялася, заяўкі на ўдзел у тэледэбатах паступілі ад Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча. Дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не падаваў заяўку. Згодна з заканадаўствам у тэледэбатах замест кандыдатаў могуць удзельнічаць іх давераныя асобы, падае interfax.by.
У перадвыбарнай гонцы пасля рэгістрацыі ў Цэнтрвыбаркаме ўдзельнічаюць чатыры кандыдаты ў прэзідэнты. Згодна з пастановай Цэнтрвыбаркаму тэледэбаты могуць адбыцца ў выпадку наяўнасці заяў як мінімум двух кандыдатаў.
Тэледэбаты запланаваны на 3 кастрычніка ў 17.00 на тэлеканале «Беларусь 1», яны працягнуцца не больш за 60 хвілін.
Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года.
Перадвыбарчыя дэбаты на «Белсаце» Ч. 1. Якім чынам сёлетнія выбары зменяць нашае жыццё?
Перадвыбарчыя дэбаты на «Белсаце» Ч. 2. Эканоміка
Перадвыбарчыя дэбаты на «Белсаце» Ч.3. Беларусь і знешнепалітычная сітуацыя ў рэгіёне
Перадвыбарчыя дэбаты на «Белсаце» Ч. 6. «Аляксандр Лукашэнка сам рыхтуе рэвалюцыю»
МЯ, interfax.by