Выбары ў Беларусі 2015

Тэледэбаты кандыдатаў на прэзідэнцтва пройдуць 3 кастрычніка


Тэледэбаты кандыдатаў на прэзідэнцтва пройдуць 3 кастрычніка, заявіла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына пасля пасяджэння ЦВК, на якім разглядаліся пытанні падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў.

Дэбаты пройдуць напярэдадні датэрміновага галасавання, 3 кастрычніка а 17:00 у прамым эфіры, распавяла Лідзія Ярмошына.

Паводле ейных словаў, для ўдзелу ў тэледэбатах кандыдат на пасаду кіраўніка дзяржавы зможа накіраваць сваю давераную асобу, калі не жадае выступаць асабіста, альбо можа наагул адмовіцца ад удзелу, падае афіцыйнае агенцтва БелТА.

Калі ўдзельнічаць у тэледэбатах захочуць больш за пяць кандыдатаў, на тэлевізійную дыскусію выдзяляць 1,5 гадзін (90 хвілін) – ад 17:00 да 18:30. Калі ўдзельнікаў дэбатаў будзе менш, той час складзе 60 хвілін. «Парадак правядзення тэледэбатаў і вядоўцы будуць вызначацца Белтэлерадыёкампаніяй», – удакладніла старшыня ЦВК.

Ад 14 верасня кандыдатам дадуць час для адзіночных выступленняў на дзяржаўным тэлебачанні, а пазней – на радыё.

Палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў парталу naviny.by, што Лукашэнка не пойдзе на тэледэбаты, як гэта было ў 2010 годзе. Сам жа гэты фармат занадта небяспечным для ўладаў адмыслоўца не лічыць. Паводле яго слоў, добры асобны выступ таго ці іншага кандыдата можа быць нават больш эфектным. У выпадку ж дэбатаў без Лукашэнкі атрымаецца размова апазіцыянераў паміж сабой, якая не будзе інтрыгаваць шырокую публіку, мяркуе спецыяліст.

«Калі там будзе Гайдукевіч (Сяргей Гайдукевіч, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі – рэд), то ён, магчыма, стане нападаць на апазіцыю, апазіцыя – на яго, і гэта адцягне ўвагу ад крытыкі Лукашэнкі», – прагназуе Карбалевіч.

Прэзідэнцкія выбары-2015 пройдуць 11 кастрычніка. Цяпер трывае збор подпісаў за асобы, якія хацелі б стаць кандыдатамі на прэзідэнцтва. 100 тыс. подпісаў кожны прэтэндэнт мусіць сабраць да 21 жніўня.

МЯ, паводле belta.by

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ