Выбары ў Беларусі 2015

Расея бамбіць Пальміру і рыхтуе наземную аперацыю ў Сірыі

video

Не зважаючы на пратэсты нават яшчэ нядаўніх хаўруснікаў, Расея працягвае бамбардаванні Сірыі. Сёння пад авіяўдарамі апынуўся антычны горад Пальміра, які знаходзіцца пад кантролем баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Старажытная Пальміра дрыжыць ад выбухаў. Напярэдадні ісламісты ўзарвалі тут чарговую рэліквію – Трыюмфальную арку, узведзеную яшчэ рымлянамі.

БІШЭР ЯЗАГІ, МІНІСТР ТУРЫЗМУ СІРЫІ:

«Сёння нам трэба задзіночыць усе нашыя сілы, каб супольна змагацца з ісламістамі, якія знішчаюць гэтыя бясцэнныя руіны».

Сёння ж бамбардаваць Пальміру пачаў Крэмль, паводле ягоных запэўніванняў – выключна па вайсковых аб’ектах «Ісламскай дзяржавы».

Між тым наўрад ці Крэмль абмяжуецца толькі небам. Паводле тэлеканалу CNN, які спасылаецца на двух афіцыйных асобаў Пентагону, у Міністэрстве абароны ЗША не выключаюць рыхтавання расейскімі вайскоўцамі ўжо ў найбліжэйшыя дні і наземнай аперацыі. Пра гэткую магчымасць сведчаць маштабныя перасоўванні расейскага кантынгенту, а таксама артылерыі і сістэмаў залпавага агню.

Не хаваюць планаў наступу і сілы прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада, падтрыманыя Крамлём. З расейскай базы Heymim яны раскідваюць па-над непадкантрольнымі тэрыторыямі ўлёткі, якія маюць стацца своеасаблівым пропускам для тых, хто захоча выйсці праз урадавыя кантрольныя пункты.

Менавіта з гэтай базы расейскія баявыя самалёты ўжо другі раз за два дні ўрываюцца ў паветраную прастору суседняй Турэччыны.

ЙЕНС СТОЛТЭНБЕРГ, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР NATO:

«Гэта непрымальна – парушаць паветраную прастору іншай краіны. І гэта тое, чаго мы гэтак баяліся. Падобныя інцыдэнты альбо няшчасныя выпадкі могуць стварыць небяспечныя сітуацыі. Таму вельмі важна пераканацца, што падобнага больш не адбудзецца».

На ўсе ж патрабаванні Турэччыны даць неадкладныя тлумачэнні Расея нязменна называе інцыдэнт… збегам абставінаў.

ІГАР КАНАШЭНКАЎ, ПРЭС-САКРАТАР МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ РАСЕІ:

«Авіябаза Хеймім знаходзіцца ў непасрэднай блізасці ад сірыйска-турэцкай мяжы. Адлегласць – каля трыццаці кіламетраў. Пры пэўных кліматычных умовах захаджэнні на дадзеную тэрыторыю адбываецца з поўначы. Таму дадзены інцыдэнт – гэта наступства неспрыяльных кліматычных умоваў к дадзеным раёне».

Штопраўда гэткім тлумачэнням Анкара не верыць і абяцае, што больш не прапусціць праз сваю мяжу «нават птушку». З рэзкай крытыкай дзеянняў Масквы ў Сірыі выступіў і прэзідэнт Турэччыны Раджэп Эрдаган, які назваў іх памылкай, якая справакуе яшчэ большую ізаляцыю Расеі ў свеце.

Валер Руселік, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ