Выбары ў Беларусі 2015

Прарасейскі парламент Кыргызстану


У Кыргызстане абраны новы парламент. Пяцігадовы мандат чарговы раз атрымалі партыі прарасейскай арыентацыі. Упершыню ў Цэнтральнай Азіі на выбарах у Кыргызстане выкарыстаны біяметрычныя карткі для ідэнтыфікацыі кожнага выбаршчыка, з мэтай перашкоды магчымым фальсіфікацыям.

Калі ж гаварыць пра вынікі галасавання, то Кыргызстан прадэманстраваў прарасейскую прыхільнасць. Сярод пераможцаў на выбарах – чатыры палітычныя партыі, якія падтрымоўваюць палітыку прэзідэнта Алмазбека Атамбаева.

«Першае месца атрымала СДПК – 27 %, на другім месцы – Рэспубліка Азюр – 20,13%. Кыргызстан Партыя – 12, 81%», – такія вынікі агучваюць у кыргызскім ЦВК.

На выбарах у парламент краіны змагаліся больш за 2 тыс. кандыдатаў, якія прадстаўляюць 14 партый. Адметнасцю галасавання стала выкарыстоўванне электронных сканераў бюлетэняў для аўтаматызаванага падліку галасоў, а таксама біяметрычныя ідэнтыфікацыйныя карткі. Праўда, не абышлося без тэхнічных збояў, а ў выніку каля ўчасткаў утвараліся вялізныя чэргі. Тым не менш новаўвядзенні былі накіраваныя на супрацьдзеянне фальсіфікацыям.

«Каб не было ўкідаў, альбо не было як пры Бакіеве, калі проста пісаліся выдуманыя лічбы, хто колькі атрымаў галасоў і колькі атрымаў мандатаў», – заявіў прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў.

Новаўвядзенні і празрыстасць абумоўленыя палітычнай сітуацыя ў краіне. Два папярэднія лідары краіны былі зрынутыя ў выніку народных хваляванняў у 2005 і 2010 гадах.

На гэтых жа выбарах галоўным чынам мусульманская краіна прадэманстравала прыхільнасць да Расеі і зрабіла чарговы крок убок ад Захаду. Летась ЗША зачынілі ў Кыргызстане ваенную авіябазу, якая была прызначаная для вайны ў Афганістане.

«Людзі стаміліся ад двух рэвалюцыяў, што былі ў краіне і жадаюць спакою ды стабільнасці, якую на сённяшні дзень рэжым Атамбаева так ці інакш забяспечваў. Ды і наагул, калі казаць шчыра, надзвычай папулярная Расея ў Кыргызстане», – кажа эксперт Цэнтру Карнегі Аляксей Малашэнка.

Вынік жа папулярнасці Крамля і арыентацыі на яго дэманструецца і ў існаванні расейскай авіябазы ў краіне. У сваю чаргу кіраўніцтва Расеі за гэта спісвае ранейшыя крэдыты, а з іншага боку забяспечвае стабільнасць з увагі на блізкасць «Ісламскай дзяржавы» і ваяўнічага ісламізму. За час кіравання краінаю Алмазбекам Атамбаевым, Кыргызстан увайшоў у Еўразійскі эканамічны саюз. За выбарамі пільна сачылі не толькі ў Маскве, але і ў Пекіне.

«Па вялікім рахунку Кітаю не так і важна, хто будзе кіраваць у Кыргызстане. Бо хто б не быў – сварыцца з Кітаем ніхто не стане, а таксама нейкіх новаўвядзенняў на кітайскім кірунку ўводзіцца не будзе», – мяркуе Аляксей Малашэнка.

Зрэшты, геапалітычнае размяшчэнне Кыргызстану досыць неспакойнае. Праз краіну праходзіць наркатрафік з Афганістану. Другая частка мяжы краіны – з неспакойным Кітайскім Сіньцзянам, які прысутнічае ў некалькіх кыргызскіх галінах, у тым ліку энергіі і горназдабыўной прамысловасці.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ