Выбары ў Беларусі 2015

Як Сталін падставіў Гітлера? Ці Рыжская мяжа засталася ў нашых галовах? Як беларусы рэагуюць на польскі мундзір?


Пра «Мяжу ля Заслаўя 1921-1941 гг», новую кнігу гісторыка Ігара Мельнікава, размаўляе Сяргей Пеляса, рэдактар гістарычных праграмаў «Белсату».

Ігар, твая кніга напоўненая гісторыямі людзей. Якая гісторыя захапіла цябе найбольш?

Гісторыя савецкіх памежнікаў з Меткава, якіх выратавалі службовыя сабакі ў чэрвені 1941 г. Жаўнераў атачылі немцы на лініі старой мяжы. Яны былі вымушаныя выпусціць аўчарак, якія прабілі ім шлях. Немцы былі збянтэжаныя. Усе сабакі загінулі, але памежнікі вырваліся ў Заслаўе.

Цікава, што ў цябе самога ёсць аўчарка.

Так.

За гэтыя 20 гадоў апісаныя ў кнізе беларусы больш страцілі ці атрымалі?

Безумоўна, беларусы маглі больш атрымаць, калі была б незалежная дзяржава.

Я лічу, што ў нас галоўная праблема – у стварэнні нацыянальнай самасвядомасці, дзяржаўнасці, культуры, гэта адсутнасць міжваеннага дваццацігоддзя. Яно было ў Польшчы, яно было ў Летуве. У Беларусі яго не было.

Нас штучна падзялілі Рыжскаю мірнаю дамовай. Мы шмат згубілі. На захадзе была паланізацыя. На ўсходзе – русіфікацыя.

Мяжа ля Заслаўя, Рыжская мяжа знікла падчас Другое сусветнае вайны. Але мне здаецца, што яе сляды засталіся яшчэ ў нашых галовах. Усё-ткі на захадзе беларусы на адно пакаленне даўжэй жылі без камуністаў. Што ты пра гэта думаеш?

Безумоўна, у нашых галовах няма такога разумення падзелу, як ва Украіне, паводле Гантынгтана. На аўстрыйскую Галіцыю і расейскую ці савецкую Усходнюю Украіну.

Уся Беларусь была ў складзе Расеі працяглы час. Дваццаць год не маглі змяніць гэтага вельмі моцна. Але ёсць момант, які варта падкрэсліць. У заходнікаў засталося пачуццё гаспадара, якое знішчылі ва ўсходнікаў. На захадзе людзі вельмі цяжка працавалі на сябе. Ездзілі на заробкі за мяжу, куплялі зямлю. Яны ведалі, што такое сваё. Яны працавалі на сябе. На ўсходзе гэта вытравілі. Гэта досыць вялікая розніца паміж усходам і захадам.

Рыжскую мяжу ліквідавалі ў вельмі драматычных акалічнасцях. Верасень 1939 г. І пазнейшыя падзеі…

Чэрвень 1941 г. Калі дакладней сказаць.

Але пачалося ў верасні 39-га?

Тады пачалося гэтак званае ўз’яднанне. Далучэнне Заходняй Беларусі да Усходняй. Але фактычна гэтая мяжа перастала існаваць у чэрвені 1941 г.

Мяжу скасаваў напад немцаў на СССР. Чаму савецкія ўлады захоўвалі мяжу, якой не было на мапе?

Ім трэба было давесці Заходнюю Беларусь да ўзроўню Усходняй. Знішчыць гаспадара, значыць «буржуазныя элементы».

Дзіўна, цягам 17 дзён у Заходняй Беларусі працягвалася вайна, але крамы і базары працавалі. Не было дэфіцыту. Што такое дэфіцыт, заходнікі даведаліся, калі ў канцы 1939 г. Польскі злоты замянілі савецкім рублём. Пачаліся чэргі ў крамах, а тавары зніклі.

Пра гэта ў маіх кнігах ёсць успаміны. Гэтыя эканамічныя змены людзі пераносілі вельмі цяжка. Акрамя таго, гэта быў не савецкі рэгіён. Там было антысавецкае падполле. У тым ліку польскае. Там былі беларускія антысавецкія элементы. Гэта ўсё мусіла быць прычэсана да ўзроўню БССР. Але галоўная трагедыя была ў тым, што беларусы Захаду і Усходу не маглі паехаць да сваіх сваякоў.

Я апісваю гісторыі людзей, якія толькі пасля заняцця немцамі Менску змаглі паехаць з Захаду да сваіх блізкіх.

Вернемся на хвілінку ў верасень 1939 г. Чаму Сталін напаў менавіта 17-га?

Сталін чакаў як адрэагуе Англія і Францыя. Яму важна было, гэтак бы мовіць, падставіць Гітлера на вайну з саюзнікамі Польшчы на Захадзе, але не падставіцца самому.

Калі Сталін зразумеў, што саюзнікі здалі Польшчу і не будуць весці актыўнай вайны, што яму нічога не пагражае, ён вырашыў перайсці мяжу і далучыць гэтыя тэрыторыі.

Больш за тое, быў элемент шантажу з боку Нямеччыны. Яна перакрочыла лінію, акрэсленую ў дамкоме з Савецкім Саюзам. Таксама шантажавалі тым, што можа быць створаная незалежная ўкраінская дзяржава. Гэта пагражала геапалітычным інтарэсам Масквы.

Гісторыю ты не толькі апісваеш у кнігах, але і аднаўляеш у рэальным свеце. Ты стваральнік і кіраўнік «Групы вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім». Як рэагуюць беларусы на польскі мундзір і як палякі рэагуюць на беларусаў у сваёй уніформе?

На пачатку было вельмі цяжка паказвацца публічна на рэканструкцыях. І сёння нялёгка. Калі мы толькі з’явіліся, то кім нас толькі не ўспрымалі. І бандэраўцамі, і калабарантамі. Ніхто нас не асацыяваў з вераснем 1939 г. Ці «касцюшкаўцамі». Гэта была вялікая праца. Я пісаў артыкулы, пераконваў моладзь, рэканструктараў. Цяпер, калі мы ўдзельнічаем у гістарычных інсцэнізацыях, нам ужо не задаюць пытанне, ці мы палякі.

Сёння наш удзел у рэканструкцыі правакуе людзей на ўспаміны. Шматлікія беларусы распавядаюць нам пра сваіх продкаў, якія служылі ў розных польскіх арміях. Гэта ўсё не змяняе таго, што яны былі беларусамі.

У Польшчы ж вельмі прыемна на нас рэагуюць.Арганізатары рэканструкцыі абароны Млавы, напрыклад, заўсёды падкрэсліваюць беларускі акцэнт. Кажуць, што беларусы, грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай, мужна змагаліся разам з палякамі супраць нацызму.
Беларусы першымі ў польскіх мундзірах сказалі Гітлеру «Не» і зрабілі крок да траўня 1945 г. Я гэта заўсёды імкнуся падкрэсліваць. У сваіх кнігах. У найноўшай, але і ў папярэдняй – «Заходнебеларуская Атлантыда».

Пра што будзе наступная кніга?

«Заходнебеларуская Атлантыда. Кніга другая». Гэта будзе працяг гісторыі той часткі Беларусі, якая была ў складзе Другой Польскай Рэспублікі ў міжваенны перыяд. Я ўжо назапасіў, сабраў і набыў шмат унікальных дакументаў і фотаздымкаў для яе.

Абедзве свае кнігі я выдаў за свой кошт. То бок я мушу яшчэ знайсці сродкі на трэцюю кнігу.

Ёсць і прапановы з польскага боку, каб выдаць там мае кнігі. Але галоўны чытач для мяне – беларускі.

belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ