Выбары ў Беларусі 2015

Пратэставыя настроі беларусаў узраслі. Ці будзе Плошча-2015?


Падчас Плошчы-2010. Фота respublika-kaz.info

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і на фоне ўкраінскіх падзеяў у Беларусі ўзрасла пратэставая актыўнасць. Такія высновы ўтрымліваюцца ў штогадовым маніторынгу, падрыхтаваным інстытутам «Палітычная сфера».

У 2014 годзе даследчыкі зафіксавалі 127 акцый пратэсту. У параўнанні з 2013 годам колькасць публічных акцый узрасла на 26% да 81, сацыяльных канфліктаў – на 18% да 46.

Публічныя акцыі

Без уліку выбарчых пікетаў на мясцовых выбарах у 2014 годзе зафіксаваныя 52 акцыі, якія насілі публічны характар ​​і неслі палітычны мэсідж альбо праводзіліся палітычнымі субектамі. З 52 акцый толькі 7 былі праведзены з дазволу ўладаў, падае сайт naviny.by.

Самай яркай публічнай акцыяй у 2014 годзе можа лічыцца флэшмоб футбольных заўзятараў на стадыёне «Барысаў-Арэна» ў падтрымку ўкраінскіх уладаў і супраць расейскага кіраўніцтва.

За «яркую» акцыю фанаты паплаціліся затрыманнямі. Пасля матчу міліцыя схапіла больш за сто заўзятараў.

Лідарам па колькасці акцый у мінулым годзе стаў Менск. З улікам выбарчых пікетаў у сталіцы прайшло 30 мерапрыемстваў. «Аўтсайдэрам» стала Горадня. Тут у 2014 годзе прайшоў усяго адзін выбарчы пікет.

Сацыяльныя канфлікты

Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя прычыны сацыяльных канфліктаў 2014: жыллёвыя (забудоўнік-адміністрацыя-мясцовыя жыхары), рабочыя (наймальнікі-працоўныя) і эканамічныя (улады-індывідуальныя прадпрымальнікі).

Працоўныя канфлікты склалі 18 выпадкаў, сутыкненне інтарэсаў жыхароў і забудоўнікаў – 15, пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў – 13.

Сярод сацыяльных пратэстаў па колькасці падзей лідыруе Менск. У сталіцы адбылося 15 канфліктаў. За ёй ідуць Баранавічы (4), Бабруйск (3), Гомель (4) і Слонім (3).

Прагноз на 2015 год

2015-ы – год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі традыцыйна расце палітычная актыўнасць усіх субектаў, а ўлады імкнуцца звесці сацыяльную напружанасць у грамадстве да мінімуму.

З гэтай прычыны сёлета можна чакаць большага, у параўнанні з 2013 і 2014 гадамі, росту палітычнай актыўнасці і паспяховага завяршэння сацыяльных сутыкненняў у інтарэсах простых грамадзянаў.

Паводле снежаньскага апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), гатовасць прыняць удзел у масавых пратэстах пасля выбараў, калі іх вынікі будуць сфальсіфікаваныя, выказалі 13,4%, а амаль 80% адказалі адмоўна.

«Калі адкрыць апытанне НІСЭПД за снежань 2010-га, то там паказнік будзе яшчэ ніжэй – 11,8%, хоць выхад на Плошчу ў тыя выбары аказаўся нязвыкла масавым. Мне здаецца, у краіне заўсёды ёсць ад 10 да 15 % людзей так ці інакш гатовых далучыцца да пратэставых дзеянняў. Гэта такі стабільны «электарат» апазіцыі. Апошняя, як правіла, не працуе з «шырокімі масамі», а толькі цягам 3-4 месяцаў перад выбарамі мабілізуе гэтую групу сваёй «канапавай» падтрымкі, заклікаючы яе выйсці на вуліцу», – адзначае эксперт інстытуту «Палітычная сфера» Таццяна Чыжова.

Па яе прагнозах, сёлета нейкая частка групы падтрымкі апазіцыі, магчыма, нават большая, чым у 2010 годзе, будзе гатовая да больш радыкальных дзеянняў на ўзор Еўрамайдану.

«Улады, зразумела, рыхтуюцца да такога сцэнару, таму, у што выльецца Плошча-2015, сказаць цяжка », – лічыць спадарыня Чыжова.

Паводле Аляксандр Ярашэвіч, naviny.by

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ