Выбары ў Беларусі 2015

Прапаў адзін з прэтэндэнтаў у прэзідэнты


Прапаў адзін з прэтэндэнтаў у прэзідэнты

Кот Барсік уцёк у лес. Пра гэта ў ягоным блогу паведаміў прэс-сакратар, журналіст Васіль Сямашка.

Кот Барсік уцёк у лес. Пра гэта ў ягоным блогу паведаміў прэс-сакратар, журналіст Васіль Сямашка. Нагадаем, ініцыятыўную групу Барсіка спрабавалі зарэгістраваць 20 ліпеня, але ў ЦВК сказалі, што з катамі ў Цэнтрвыбаркам нельга. Барсік не адчаяўся: пастанавіў працягваць актыўнае палітычнае жыццё, завёў блог, стаў ездзіць па рэгіёнах і сустракацца з народам.

28 жніўня Барсік знаёміўся з праблемамі аграпрамысловага сектару Беларусі. Разам са сваім прэс-сакратаром Васілём Сямашкам і фатографам Ганнай Івановай ён назіраў за ўборкай сельгаспрадукцыі ў Маладзечанскім раёне і гутарыў з работнікамі сяла паблізу ад сваёй летняй рэзідэнцыі – лецішча недалёка ад Радашковічаў.

Усё ішло добра, але нечакана з Барсікам адбылася рэзкая змена настрою, сумна згадвае Васіль Сямашка. Звычайна лагодны і спакойны кот раптам зрабіўся вельмі нервовым – стаў шыпець, драпацца і вырывацца з рук.

Скочыў на зямлю, і нейкая «трэцяя сіла» імкліва захапіла ў густы лес, у гушчары якога ён хутка знік з поля зроку.

Лес уяўляе з сябе прастакутнік памерам 1х2 км пры дарозе Радашковічы–Маладзечна праз 5 км ад помніку экіпажу Гастэлы. З іншага боку лесу – паварот на вёску Гранічы.

Цягам 10 дзён прэс-сакратар вёў актыўныя пошукі зніклага палітыка. Чатыры разы ён начаваў на месцы знікнення, пакідаючы там корм і ваду. Ува ўсіх бліжэйшых вёсках былі расклееныя аб’явы са здымкам кандыдата і абяцаннем узнагароджання за дапамогу.

Рэзідэнцыя-лецішча, дзе летам жыве Барсік, месціцца за 5 кіламетраў ад месца ягонага знікнення паміж вёскамі Навасёлкі і прыпыначным пунктам электравіка Баяры.

У цёплы час года, звыклы да жыцця на дачы кот, сілкуючыся мышамі і іншай дробнай дзічынай, пражыве ў лесе лёгка. Але Барсік па характары прыязны свойскі кот, які любіць кантакты з людзьмі.

Небяспеку для ката ў тых умовах, акрамя беларускіх спецслужбаў, уяўляюць сабакі, велізарныя ястрабы і ажыўленая аўтадарога Радашковічы – Маладзечна. Асаблівыя прыкметы – жоўты ашыйнік.

belsat.eu, паводле naviny.by

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ