Выбары ў Беларусі 2015

Мядовы цар: «Наша тэхналогія размажа гэтую багіню Ярмошыну»


Юрый Радзькоў

Belsat.eu пагаварыў з арганізатарам мядовых кірмашоў Юрыям Радзьковым, які мае прэзідэнцкія амбіцыі.

Спіс прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзідэнты ў Беларусі расце. Вось і прадпрымальніка Юрыя Радзькова, дырэктара кампаніі «Цар-мёд» (арганізацыя кірмашоў «Свет мёду і здароўя») гэтая ідэя не абышла бокам. Пра бяздарныя рашэнні апазіцыі, застой Лукашэнкі ды расейскія карані беларускага народу разважае ў інтэрв’ю журналісту belsat.eu Яўгену Балінскаму.

– Чым Вам не падабаецца праўленне Аляксандра Лукашэнкі?

– У першую чаргу, таму што не абнаўляецца эліта. Сёння трэба амаладзіць увесь кіруючы склад. У нас зашмат састарэлых метадаў працы і ў сацыяльнай, і ў дзяржаўнай сферах. Другое – недапушчальна, калі 50-60-гадовыя цёткі з Міністэрства гандлю вырашаюць, якія кошты паднімуцца, якія – упадуць, каму, што і як прадаваць. Яны ж аніякага паняцця пра гэта не маюць.

Мы цягнемся ззаду Еўропы, рабам на галерах ужо няма чаго жэрці, і можа прыйсці такі крытычны момант, калі за гэтай ежаю яны накіруюцца ў тыя палацы, якія ўлада там сабе панабудавала, і гэта ўжо ні для каго нічым добрым не скончыцца.

Сёння людзі павінны зразумець, што ў іх няма яшчэ адной пяцігодкі. Не даводзіцца спадзявацца на нешта лепшае – грошай зарабляць урад не навучыўся, як вынік – будзе апошняе забіраць у грамадства.

– Шмат каму прыйшлося дорага заплаціць за спробы палітычных гульняў у Беларусі. Ці Вам не страшна?

– Палітыка – гэта зусім іншы светапогляд, чым у звычайных людзей. Большасць грамадзянаў баяцца мець дачыненне да палітыкі, таму яны і жывуць так дрэнна. Яны не хочуць мяняць сістэму, а яе трэба мяняць. А ёсць такая катэгорыя людзей, палітыкаў ці грамадскіх дзеячаў, людзей неабыякавых, якая не можа проста так глядзець на ўсё, што адбываецца.

– Чаму бы Вам не аб’яднаць свае намаганні з кім-небудзь з іншых прэтэндэнтаў?

– Дапусцім, Цярэшчанка. Так, прасоўвае свае ідэі ўжо цягам доўгага часу. Але чым ён рэальна можа быць мне карысны? У яго няма рэальнай жывой сувязі з масамі, такім чынам, не будзе ніякага выніку. Калі казаць пра Лябедзька, то ён можа сысці ў гісторыю як наагул апанент Лукашэнкі, які не адбыўся. Менавіта лідар апазіцыйнай партыі павінен быў на кожных выбарах балатавацца ў прэзідэнты, а не выстаўляць «запасных», як ён гэта рабіў. Аднак мне імпануе яго эканамічная каманда, у ёй вельмі шмат разумных ідэяў. Але ён не паказаў байцоўскага характару, і не быў галоўным акумулятарам і прадстаўніком гэтых ідэяў на мінулых выбарах. Дай Бог, каб зарэгістравалася Караткевіч. Але зноў жа, яна – сацыяльны працаўнік, а гэта абсалютна ніякага дачынення да эканомікі не мае, а сёння эканоміка – самае важнае. Увогуле, апазіцыя падышла да гэтай кампаніі вельмі бяздарна.

– А як Вам ініцыятыва па вылучэнні Статкевіча адзіным кандыдатам?

– Першае што кінулася ў вочы – гэта выглядае як магчымасць зноўку сысці ад барацьбы, выставіўшы няшчаснага чалавека, які сёння воляю лёсу апынуўся ў засценках. Калі б усе яны аб’ядналіся ды занялі прынцыповую пазіцыю на карысць Статкевіча – гэта яшчэ можна было б зразумець. Але складваецца ўражанне, што гэта проста адыход ад барацьбы. Гэтая ідэя наагул з’явілася на канчатковым этапе – проста сорамна глядзець. Дарэчы, я ўвогуле не ўпэўнены, што ініцыятыва па вылучэнні Статкевіча адзіным кандыдатам можа служыць фактарам, які аб’ядноўвае нацыю.

– Вось Вы кажаце пра барацьбу, а вынікі трох апошніх прэзідэнцкіх выбараў ніводная міжнародная арганізацыя не прызнала, палічыўшы іх сфальсіфікаванымі. Думаеце, гэтым разам нешта зменіцца?

– Выбары не выйграюцца ў скрынях – гэта робіцца зусім па-іншаму. Калі наша ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная, я вам гэта прадэманструю. Няма ніякіх правілаў. Калі ёсць такое правіла, што перамагае той, хто лічыць – гэта не правіла, а фікцыя. Сёння перамагае той, хто можа заручыцца падтрымкай масаў. Смешна глядзець на ўвесь гэты лямант што да падліку галасоў. Каб апазіцыя выводзіла 50 тысячаў людзей на плошчу Бангалор – гэта быў бы паказальнік, але калі выходзіць па некалькі сотняў чалавек – гэта нічога не значыць. Кандыдат, які збіраецца перамагчы, павінен атрымаць гэтую перамогу яшчэ да падліку галасоў, завалодаць людской падтрымкай ды паказаць гэта. Мы ўсё гэта будзем дэманстраваць.

– Ці гэта канстытуцыйныя метады барацьбы?

– Абсалютна канстытуцыйныя. У нас ёсць тэхналогія, якая размажа гэтую багіню Ярмошыну і ўсю ейную выбарчую сістэму проста зверху данізу.

Там людзі сядзяць ужо з абсалютна маразматычным мысленнем, якія не разумеюць, што сёння ёсць тэхналогіі, якія могуць перавярнуць усё.

– Уладзімір Някляеў не так даўно зрабіў заяву адносна таго, што ўсім (зразумела, акрамя аднаго) кандыдатам прыйдзецца падманваць, фальсіфікаваць подпісы – ён лічыць, што ніхто сёння не ў стане сабраць 100 тысячаў. Што Вы пра гэта думаеце?

– Каб стаць прэзідэнтам, трэба арыентавацца не на 100 тысячаў, а на мільён – трэба даць ідэю, якая будзе ахопліваць свядомасці мільёнаў. Адная і тая ж скрыпка зноўку – 100 тысячаў ды 100 тысячаў… Яны што, замбаваныя на гэтых лічбах? Трэба несці самую ідэю пераменаў.

– Вы казалі, што Вас турбуе стан беларускай нацыі. Што Вы мелі на ўвазе?

– Першы паказальнік такі: раней нас было 10 мільёнаў, а цяпер 9. Гэта значыць, што ёсць вельмі сур’ёзная праблема скарачэння нацыі. Другое, натуральна, гэта збядненне. Цягам апошніх пяці гадоў мы бачым, што людзі становяцца бядней, што нашая валюта ўвесь час абясцэньваецца. Таксама і праблема алкагалізму, якая ахапіла нацыю, вельмі сур’ёзная. Значыць, зноўку недзе недагледзелі, і гэтыя асабліва старонныя людзі выпадаюць з эканамічнага жыцця краіны. Няма таксама праграмаў, накіраваных на яснае і выразнае развіццё вёскі – паглядзіце, вёскі высыхаюць ды закрываюцца.

– Ці можа дэкрэт аб дармаедах зноўку заахвоціць працаваць людзей, якія выпалі з эканамічнага жыцця?

– Абсурдная ідэя. Трагедыя, што нашыя людзі сёння застаюцца без працы, а ім, замест таго, каб даць працу, накідваюць на шыю яшчэ адну пятлю. Гэта спроба загнаць людзей у прыгоннае права. Проста здзек над чалавекам, у якога сёння ўжо наагул нічога не засталося.

– Калі на хвіліну ўявіць, што Вы сталі прэзідэнтам, якія рашэнні Вы бы прынялі ў першую чаргу?

– Трэба адмяніць усе падаткі, звязаныя з зямлёй. У сферы бухгалтэрыі, дарэчы, не павінна быць ніякіх складанасцяў. У нас сёння 400 тысяч бухгалтараў занятыя ў сферы эканомікі – а яны, па сутнасці, усяго толькі рахункаводы, нічога не вырабляюць, а нам не гэта патрэбна. Неабходна таксама скарачаць чыноўніцкі апарат – у нас зашмат дублюючых органаў і рашэнняў – дзецюкам, што засядзеліся на сваёй каруселі, час уставаць ды пакідаць свае месцы. Калі ж казаць агульна, то сёння мы мусім у першую чаргу арыентавацца на Расею, але, натуральна, з улікам заходніх тэхналогіяў. Але вядома, калі дадуць магчымасць, трэба рухацца і ў Еўропу. А наагул, вельмі сумна, што сёння інтарэсы грамадства ставяцца ніжэй за інтарэсы аднаго чалавека, які жадае заставацца на прэзідэнцкай пасадзе.

– У інтэрнэце ходзіць меркаванне пра тое, што Вы прытрымліваецеся манархічных поглядаў. Што гэта за ідэя з шапкай Манамаха?

– Нікога не мусіць бянтэжыць, што я надзяваў шапку Манамаха – карані беларускага этнасу ідуць з расейскага. У нас адная агульная культура, мы размаўляем на адной мове. Мая кампанія называецца «Цар-мёд».

Калі Ярмошына казала, што нам патрэбны «бацька нацыі», я сказаў, маўляў, добра, «мёд» прыбіраем, застаецца «цар», цар нацыі. Але чалавек не павінен баяцца свайго кіраўніка. Мы павінны ўзяць за ўзор Міхаіла Саакашвілі, якому я, дарэчы, аднойчы паціскаў руку, калі ён быў прэзідэнтам Грузіі. За час ягонага прэзідэнцтва колькасць турыстаў, якія наведваюць яго краіну, павялічылася з 600 тысячаў да 6 мільёнаў. І вось ён проста гуляў па турыстычным горадзе, размаўляў з жыхарамі, з гасцямі, і, ведаеце, гэта вельмі натхняе, калі ты можаш проста так паціснуць руку свайму прэзідэнту, які не акружаны натоўпам ахоўнікаў. І цяпер, у Адэсе, ён дэманструе сувязь з грамадствам, чаго нашым чыноўнікам вельмі не хапае. Наагул, лічу, што ў кожнага народа павінен быць свой Міхаіл Саакашвілі.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ