Выбары ў Беларусі 2015

Кандыдат ад дармаедаў: іду на выбары, бо мяне аб гэтым у сне папрасіў Зянон Пазняк

video

«Я спаў у пад’ездзе і да мяне ў сне явіўся Зянон Пазняк. Ён сказаў: Юрый, што не змог зрабіць я, павінен зрабіць ты!». Юрый Шульган, што збіраецца ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах плануе зладзіць Усебеларускі з’езд дармаедаў.

«З 2000 года я фактычна дармаед. І зараз я адчуў у сабе сілу, позыў, адказнасць пайсці на гэту пасаду.

Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што калі знойдзецца больш дастойны, я саступлю месца. Я знайшоўся. Я гатовы прыняць на сябе гэты цяжкі груз.

Гэта было пачуццё адказнасці за краіну. Я зразумеў, што змагу зрабіць для гэтай краіны тое, што не можа зрабіць ніхто іншы. І толькі з-за гэтага – пачуцця адказнасці – я іду на гэту пасаду», – заявіў Шульган на прэс-канферэнцыі.

«Мы, дармаеды, павінны падтрымліваць адзін аднаго. Калі я стану прэзідэнтам, паверце мне, дармаеды не будуць садзіцца за краты, не будуць плаціць штрафы. Таму што ў кожнага чалавека ёсць свабода выбару. Я не за зарплатай іду, а з-за адказнасці», – дадаў ён.

Юрый Шульган нідзе не працуе ад 2000 году. Паводле адукацыі ён – настаўнік гісторыі. Але прызнаецца, што цяпер не можа працаваць па спецыяльнасці, бо «не хоча падманваць дзяцей».

Шульган адзначыў, што беларуская апазіцыя цяпер перажывае глыбокі крызіс і заклікаў усіх неабыякавых узяць удзел ва Усебеларускім з’ездзе дармаедаў, якія мае адбыцца ў чэрвені.

МЛ, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ