Старажытная Пальміра дрыжыць ад выбухаў. Напярэдадні ісламісты ўзарвалі тут чарговую рэліквію – Трыюмфальную арку, узведзеную яшчэ рымлянамі.
БІШЭР ЯЗАГІ, МІНІСТР ТУРЫЗМУ СІРЫІ:
«Сёння нам трэба задзіночыць усе нашыя сілы, каб супольна змагацца з ісламістамі, якія знішчаюць гэтыя бясцэнныя руіны».
Сёння ж бамбардаваць Пальміру пачаў Крэмль, паводле ягоных запэўніванняў – выключна па вайсковых аб’ектах «Ісламскай дзяржавы».
Між тым наўрад ці Крэмль абмяжуецца толькі небам. Паводле тэлеканалу CNN, які спасылаецца на двух афіцыйных асобаў Пентагону, у Міністэрстве абароны ЗША не выключаюць рыхтавання расейскімі вайскоўцамі ўжо ў найбліжэйшыя дні і наземнай аперацыі. Пра гэткую магчымасць сведчаць маштабныя перасоўванні расейскага кантынгенту, а таксама артылерыі і сістэмаў залпавага агню.
Не хаваюць планаў наступу і сілы прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада, падтрыманыя Крамлём. З расейскай базы Heymim яны раскідваюць па-над непадкантрольнымі тэрыторыямі ўлёткі, якія маюць стацца своеасаблівым пропускам для тых, хто захоча выйсці праз урадавыя кантрольныя пункты.
Менавіта з гэтай базы расейскія баявыя самалёты ўжо другі раз за два дні ўрываюцца ў паветраную прастору суседняй Турэччыны.
ЙЕНС СТОЛТЭНБЕРГ, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР NATO:
«Гэта непрымальна – парушаць паветраную прастору іншай краіны. І гэта тое, чаго мы гэтак баяліся. Падобныя інцыдэнты альбо няшчасныя выпадкі могуць стварыць небяспечныя сітуацыі. Таму вельмі важна пераканацца, што падобнага больш не адбудзецца».
На ўсе ж патрабаванні Турэччыны даць неадкладныя тлумачэнні Расея нязменна называе інцыдэнт… збегам абставінаў.
ІГАР КАНАШЭНКАЎ, ПРЭС-САКРАТАР МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ РАСЕІ:
«Авіябаза Хеймім знаходзіцца ў непасрэднай блізасці ад сірыйска-турэцкай мяжы. Адлегласць – каля трыццаці кіламетраў. Пры пэўных кліматычных умовах захаджэнні на дадзеную тэрыторыю адбываецца з поўначы. Таму дадзены інцыдэнт – гэта наступства неспрыяльных кліматычных умоваў к дадзеным раёне».
Штопраўда гэткім тлумачэнням Анкара не верыць і абяцае, што больш не прапусціць праз сваю мяжу «нават птушку». З рэзкай крытыкай дзеянняў Масквы ў Сірыі выступіў і прэзідэнт Турэччыны Раджэп Эрдаган, які назваў іх памылкай, якая справакуе яшчэ большую ізаляцыю Расеі ў свеце.
Валер Руселік, belsat.eu