Мікалай Улаховіч

«Вярхоўны атаман» і кіраўнік грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва».

Працуе намеснікам старшыні Менскага абласнога спажывецкага саюзу.

Нарадзіўся ў 1951 годзе ў Менску. Продкі па мужчынскай лініі паходзяць з Санкт-Пецярбургу, уваходзілі ў казачыя падраздзяленні расейскага імператара. Па мацярынскай – са шляхецкага роду Красоўскіх.

Мае тры вышэйшыя адукацыі: тэхнічную, вайсковую ды гуманітарную. Служыў ва Ўзброеных сілах СССР (1970-92), скончыў кар’еру ў Беларусі ў званні палкоўніка. Будаваў ракетныя палігоны па ўсім Савецкім Саюзе. Выдатнік ваеннага будаўніцтва. За жыццё перажыў 12 пераездаў – ад Благавешчанска да Скрунды.

Пасля звальнення з арміі быў галоўным інжынерам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Менскага трактарнага заводу, начальнікам галоўнага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, генеральным дырэктарам Рэспубліканскага цэнтру ўліку і рэгістрацыі нерухомасці, генеральным дырэктарам навукова-вытворчага аб’яднання «Жылкамунтэхніка», начальнікам упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Менскага аблвыканкаму.

Абраны кіраўніком «Беларускага казацтва» ў 1995 годзе і неаднаразова пераабіраўся на далейшы тэрмін. Таксама з 1999 года кіруе Беларускай патрыятычнай партыяй.

Выступае за «сусветнае казацтва на чале з Расеяй», і ў той жа час называе сябе беларускім патрыётам.

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Заяўляе і цяпер, што падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку стратэгічна, але нязгодны з тактыкаю і мае «палітычныя і эканамічныя ідэі, якія яшчэ не раскрыў». Гаворыць, што выступае за незалежнасць Беларусі і не ёсць стаўленікам Крамля.

Любіць спорт. Цягам двух гадоў узначальваў беларускую федэрацыю каратэ-до. У вольны час чытае гістарычную і хрысціянскую літаратуру.

Жанаты з нарадзінкаю Крыму, якую называе расейкаю. Мае сына, дачку і пяцёра ўнукаў.