Супраць!

Да байкоту прэзідэнцкіх выбараў-2015 заклікае лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў. Такой жа ідэі прытрымліваецца не зарэгістраваная ўладамі ініцыятыўная група па высоўванні экс-кандыдата на прэзідэнцтва ў 2010 годзе, лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Міколы Статкевіча кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2015-м. Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (на чале з Зянонам Пазняком) паслядоўна прытрымліваецца ідэі байкоту ўсіх выбараў пасля 2000 году.

Сам Мікола Статкевіч у сваім звароце 23 ліпеня напісаў, што ўдзел часткі апазіцыі ў выбарах-2015 робіць ідэю байкоту малаэфектыўнай. Ён заклікаў тых, хто пойдзе на выбарчыя ўчасткі, зрабіць у бюлетэні для галасавання допіс які б выразна сведчыў аб непрыняцці палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агітацыя за байкот выбараў у Беларусі забаронена Законам РБ № 72-3 ад 25 лістапада 2013 года, згодна з якім унесеныя змены ў Выбарчы кодэкс. Паводле іх забараняецца публічна заклікаць да «зрыву, скасавання або пераносу выбараў», за што прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Закон быў прыняты ўслед за адпаведнаю пастановай ЦВК (№93), якая выйшла ў 2012 годзе пасля таго, як значная частка апазіцыі заявіла аб байкоце тагачасных выбараў у Палату прадстаўнікоў. Гэта быў самы шырокі байкот пасля 2000 года, у якім таксама праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія байкатавалі ўсе асноўныя апазіцыйныя партыі.

22 жніўня 2015 года старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нагадала пра забарону агітаваць за байкот выбараў.