Сяргей Гайдукевіч

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Атрымлівае дзве пенсіі: ваенную і дэпутацкую.

Нарадзіўся 8 верасня 1954 у Менску. Маці Галіна ўзначальвала Менскае абласное аддзяленне Дзяржбанка СССР, а ў 1990-я кансультавала Нацбанк. Бацька Васіль – вайсковец.

У савецкія часы зрабіў ваенную кар’еру. Пасля заканчэння Менскай вышэйшай зенітна-ракетнай вучэльні (1976) 15 гадоў праслужыў у войску, у тым ліку ў складзе групы вайсковых спецыялістаў у Іраку (1982–1983). Пазней ён яшчэ наведае гэтую краіну, напрыклад, як кіраўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі. З’явіцца таксама інфармацыя пра тое, што ён па шэрых схемах гандляваў іракскаю нафтай. Скончыў ваенную камандную Акадэмію СПА імя маршала Жукава (1989).

У першыя гады незалежнасці працаваў у органах дзяржбяспекі, дзе паводле ягоных словаў, займаўся сацыяльнаю дапамогай былым вайскоўцам, міліцыянтам і працаўнікам КДБ. Пасля быў намеснікам Камітэта па сацыяльнай абароне вайскоўцаў пры Савеце Міністраў (1992-94).

У 1991-1994 узначаліў левацэнтрысцкі Народны рух Беларусі (НДБ), у які сярод іншых увайшлі Ліберальна-дэмакратычная партыя ды Партыя камуністаў Беларусі. НДБ меў быць палітычнаю апорай прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і амаль адразу пасля іх спыніў сваё існаванне.

З 1995-га – лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Больш за траціну яе чальцоў складалі былыя сілавікі ды афганцы. Пачынаючы з 2001 года, Гайдукевіч – сталы ўдзельнік прэзідэнцкіх выбараў. Праўда, у 2010 годзе ён зняў сваю кандыдатуру, паколькі палічыў кампанію фарсам. Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2004-08).

У 2013 годзе Сяргей Гайдукевіч выдаў кнігу вершаў «Маё жыццё – Беларусь».

Жанаты другі раз. Два сыны – ад першага шлюбу. Алег быў кіраўніком двух РУУС сталіцы, цяпер першы намеснік у ЛДПБ. Васіля жонка малым вывезла ў Нямеччыну, пасля гэтага ён з бацькам не бачыўся. Другая жонка мае дачку, яны жывуць у Аўстрыі.