Аляксандр Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі, кіруе краінаю з 1994 года цягам чатырох тэрмінаў.

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў г.п. Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласці. У 2010 годзе змяніў дзень нараджэння з 30 на 31 жніўня.

Маці большую частку жыцця працавала даяркаю ў калгасе. Звестак пра бацьку няма. Сам Лукашэнка аднойчы заявіў, што той загінуў падчас Другой сусветнай вайны.

Марыў паступіць на журналістыку, але ў выніку скончыў гістфак Магілёўскага педінстытута (1975). Працаваў пераважна на партыйна-ідэалагічных пасадах у розных установах на Магілёўшчыне. Хацеў кіраваць калгасам, дзеля гэтага завочна скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. У 1987-м узначаліў самы адсталы ў Шклове саўгас «Гарадзец», дзе здаваў працаўнікам у арэнду зямлю, памяшканні ды прылады, а яны частку прадукцыі аддавалі гаспадарцы, а рэшту дзялілі паміж сабою. Пра свой метад напісаў кнігу «Гарадзецкія ўрокі». Падчас працы на ніве сельскай гаспадаркі на яго завялі крымінальную справу за збіццё механізатара, якую закрылі, калі Лукашэнку абралі ў Вярхоўны Савет 12-га склікання і ён змог карыстацца дэпутацкай недатыкальнасцю. Калгасам кіраваў да 1994 года.

У парламенце з 1993 года ўзначальваў камісію па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў, створаных пры дзяржаўных органах. Асноўны вынік працы камісіі – адхіленне ад пасады старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча.

У прэзідэнцкіх выбарах 1994 года ўдзельнічаў як незалежны кандыдат. Пасля перамогі пачаў канфліктаваць з парламентам. Адным з пунктаў нязгоды стаў рэферэндум 1995 года, які Лукашэнка ў выніку правёў, папярэдне загадаўшы АМАПу зачысціць будынак парламенту ад дэпутатаў, якія трымалі галадоўку пратэсту. Вынікаў рэферэндуму не прызнаў Захад, што стала пачаткам канфлікту.

З 1995 года ўзяў курс на збліжэнне з Расеяй, праз два гады падпісаўшы з Барысам Ельцыным дамову аб Саюзнай дзяржаве. У 1996-м ініцыяваў рэферэндум, якім значна пашырыў свае паўнамоцтвы. Тады ж пачаліся брутальныя разгоны апазіцыйных акцыяў пратэсту, а з 1997-га – арышты найбольш актыўных ягоных апанентаў, яшчэ чацвёра пазней зніклі без весткі.

Спрабаваў падпісаць з Расеяй дамову аб стварэнні адзінай дзяржавы, у якой быў бы адзін прэзідэнт.

У 2004-м правёў рэферэндум, які дазволіў яму кіраваць краінаю больш да два прэзідэнцкія тэрміны. Вынікі ўсіх выбараў прэзідэнта, якія прайшлі пасля 1994 года, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю і суправаджаліся масавымі акцыямі пратэсту. Асабліва брутальна была разагнана апошняя, у 2010 годзе.

Лукашэнку рэгулярна забараняюць уязджаць у ЗША ды краіны Еўразвязу. У 2008 годзе звярнуўся да вядомага PR-мэнэджара лорда Тымаці Бэла (Timothy Bell), які ўдзельнічаў у рыхтаванні паспяховых выбарчых кампаніяў прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр і паляпшаў міжнародны імідж шмат якіх дзяржаваў. Беларусь праводзіла больш асцярожную міжнародную палітыку, а Лукашэнка пачаў браць у афіцыйныя паездкі малодшага няшлюбнага сына Колю. Разам яны наведалі і Папу Рымскага Бэнэдыкта XVI. У 2009-м кантракту з адмыслоўцам не працягнулі.

Лукашэнка гэтак і не развёўся з першаю жонкай Галінай Жаўняровіч, з якою не жыве з 1994 года. Мае з ёй двух сыноў: Віктара (памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы) і Дзмітрыя (старшыня рады Прэзідэнцкага спартовага клубу).