Дзмітрый Вус

Бізнесовец. 

Працягвае ўзначальваць ТДА «Трывіум», як і перад выбарамі 2010 года. Цяпер фірма аказвае камунальныя паслугі арандатарам памяшканняў у адміністратыўных будынках.

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1971 у Менску.

Скончыў юрыдычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэту. Працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл» у Менску, пазней – у сферы будаўніцтва. З 1992 – дырэктар выдавецтва «Трывіум». Захапляўся геаграфіяй і быў першым бізнесменам у Беларусі, які пачаў выдаваць карты аўтамабільных дарог. Ягоная фірма вырабляла таксама глобусы, атласы, карты зорнага неба.

Быў дэпутатам Менскага гарадскога савету (1999-2003), на выбарах у 2003 і 2007 яго не зарэгістравалі. Быў памочнікам Георгія Таразевіча (дэпутат Вярхоўнага Савету СССР, з сярэдзіны 1990-х – сябар ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі), тады пазнаёміўся з Міколам Статкевічам. У 2010 браў удзел у мясцовых выбарах, паводле звестак ЦВК, прайграў, набраўшы 33% галасоў.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010. Каб зэканоміць грошы, праводзіў кампанію разам са Статкевічам (разам арганізоўвалі сустрэчы, друкавалі ўлёткі).
Затрыманы ў Менску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Днём 20 снежня выпушчаны адтуль пад падпіску пра нявыезд. Прапаноўвалі агаварыць Міколу Статкевіча, з’ехаць за мяжу. Вус адмовіўся. У 2011 годзе прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і асуджаны да 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праз паўгода вызвалены паводле ўказу аб памілаванні, хоць, паводле Вуса, з адпаведнай просьбай да Аляксандра Лукашэнкі ён не звяртаўся.

Напісаў два адкрытыя лісты Уладзіміру Пуціну. У першым (2010) прасіў дапамагчы вызваліць палітвязняў у Беларусі, у другім (2012) папярэджваў, што Аляксандр Лукашэнка будзе перашкаджаць у стварэнні Мытнага звязу, паколькі гэта не адпавядае інтарэсам апошняга. Сам Вус – прыхільнік Мытнага і Еўразійскага звязаў.

У 2013-м заяўляў пра намер стварыць спачатку Партыю бізнесу, пасля – Партыю працы.

Раней перажыў клінічную смерць пасля няякасна зробленай аперацыі. У 2008-м у тым жа шпіталі не змаглі ўратаваць ягоную першую жонку. У 2010 годзе пабраўся другім шлюбам. Жонка Яўгенія працавала ў ягоным выдавецтве. Мае двух сыноў – ад першага і другога шлюбаў, выхоўвае дачку жонкі ад першага шлюбу. У 2014 годзе сын Вуса Іван заявіў, што хоча стварыць у Менску Антымайдан і аб’яднаць прыхільнікаў «расейскага свету» ў Беларусі. Вус паабяцаў, што пагаворыць з сынам і з’езду не будзе.