Мікалай Статкевіч

Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну ў сям’і настаўнікаў. Паходзіць са старажытнага шляхецкага роду Статкевічаў гербу «Касцеша».

Кар’еру пачаў з Менскай вышэйшай інжынернай зенітна-ракетнай вучэльні, пасля якой чатыры гады служыў у Запаляр’і. Вярнуўся выкладчыкам у родную вучэльню (1985-1990), абараніў кандыдацкую дысертацыю (1986). Падпалкоўнік запасу.

Адзін з аўтараў канцэпцыі беларускай арміі, рэалізаванай пасля распаду СССР (1990). У 1991-м на знак пратэсту супраць разгону танкамі дэманстрантаў у Вільні выйшаў з КПСС. Адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путчу. У 1993 годзе выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), паводле якога Беларусь мела накіроўваць сваіх жаўнераў на чужыя войны. За гэта яго звольнілі з войска за месяц да абароны доктарскай дысертацыі. Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрыманне Мікалая Статкевіча беларускі парламент падпісаў дакумент, але з умоваю, што беларусаў не будуць выкарыстоўваць у «гарачых кропках».

Стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ) і кіраваў ім (1991-95).

З 1996-га ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада), якая ў 2004-м раскалолася на ягоных прыхільнікаў і тых, хто прапаноўваў адхіліць яго з пасады. Статкевіча выключылі, а партыя выкінула з назвы адно слова (стала Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), якую цяпер узначальвае Ірына Вештард). У 2007-м Статкевіч вырашыў аднавіць БСДП (Народная Грамада), быў абраны кіраўніком, але партыю не зарэгістравала Міністэрства юстыцыі.

У 2000 годзе балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але абраны не быў.

У 2005-м пакараны трыма гадамі абмежавання волі за арганізацыю ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 года.

З 2003-га ўзначальвае Еўрапейскую кааліцыю, у якую ўваходзяць партыі, прафсаюзныя, жаночыя і маладзёвыя арганізацыі. Ад яе ішоў кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2010 года. «Спадзяюся, што гэтае вылучэнне неяк застрахуе мяне ад турмы. Бо перад дзвюма папярэднімі прэзідэнцкімі кампаніямі на мяне заводзілі крымінальныя справы», – казаў ён. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе і прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі. Памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам (хоць шматразова адмаўляўся напісаць ліст з адпаведнаю просьбай на ягонае імя), выйшаў на волю 22 жніўня 2015 года.

Сёлета, пакуль палітык быў за кратамі, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структураў стварылі ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. ЦВК прадказальна яе не зарэгістравала, спаслаўшыся на ягоную судзімасць.

Мае больш за 60 працаў у галіне паліталогіі, эрганомікі, інжынернай і сацыяльнай псіхалогіі.

Жонка – Марына Адамовіч, выкладала эпідэміялогію ў Медычным універсітэце, цяпер працуе ў праваабарончай арганізацыі. Выгадаваў дзвюх дачок.