Андрэй Саннікаў

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сваёю мэтай уступленне Беларусі ў Еўразвяз.

Жыве ў Варшаве, сустракаецца з замежнымі палітыкамі, удзельнічае ў імпрэзах, звязаных з беларускаю тэматыкай. Рыхтуе да выдання кнігу «Беларуская Амерыканка, ці Выбары пры дыктатуры», якую напісаў у 2014 годзе.

Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Бацька – мастацтвазнаўца Алег Саннікаў, маці – выкладчыца расейскай мовы Ала Саннікава. Дзед – народны артыст Беларускай ССР Канстанцін Саннікаў, адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Скончыў перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага інстытуту замежных моваў (1977), дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве (1989).

Працаваў на Менскім электратэхнічным заводзе, перакладчыкам у нафтавай кампаніі ў Пакістане, на будаўніцтве алюмініевага заводу ў Егіпце, у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, савецкім прадстаўніком у сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку.

З 1989-га – у МЗС БССР, затым Рэспублікі Беларусь. Дарадца прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі (1993-95). Намеснік Міністра замежных справаў Беларусі (1995-96), падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму 1996 года.

Адзін з ініцыятараў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97» (1997) і Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў Беларусі (разам з Генадзем Карпенкам, 1998).

Рэктар Народнага ўніверсітэту, незалежнага адукацыйнага праекту (1998-2002).

У 2008 годзе разам з Віктарам Івашкевічам, Міхаілам Марынічам ды іншымі палітыкамі стаў ініцыятарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сваёй мэтай уступленне Беларусі ў Еўразвяз.

У дзень выбараў 19 снежня 2010 года затрыманы і жорстка збіты падчас мірнай маніфестацыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Асуджаны на 5 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Вызвалены ў 2012 годзе паводле ўказу аб памілаванні. У тым жа годзе з’ехаў з Беларусі ў Лондан да сястры.

У 2013 годзе атрымаў стыпендыю на год паслядыпломнага навучання па праграме Каліноўскага.

Жонка – журналістка Ірына Халіп, бацька двух сыноў.