Віталь Рымашэўскі

Лідар партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Займаецца прыватным бізнесам, на пытанне пра хобі адказвае, што любіць саджаць дрэвы.

Нарадзіўся 3 сакавіка 1975 года, дзяцінства правёў у Бабруйску. Бацька – будаўнік, маці – інжынер. Па бацькоўскай лініі мае шляхецкія карані. «Дваранскія граматы наша сям’я страціла толькі ў часы СССР», распавядаў Віталь Рымашэўскі.

Інжынер-будаўнік, скончыў БНТУ. Працаваў паводле спецыяльнасці, пасля займаўся прыватным бізнесам.

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года галасаваў за Зянона Пазняка. У 1996-м сам зацікавіўся палітыкаю. Уваходзіў у кіраўніцтва розных арганізацыяў: «Маладога фронту», Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў і Беларускай нацыянальнай рады маладзёвых і дзіцячых грамадскіх арганізацыяў «Рада», «Моладзевага хрысціянскага сацыяльнага саюзу».

Падчас выбаў 2006 года каардынаваў кампанію Аляксандра Мілінкевіча па Фрунзенскім раёне Менску. Пасля выбараў стаў сузаснавальнікам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ды Руху «За Свабоду» (хоць у палітыку прыйшоў атэістам).  У БХД курыруе кіруе міжнародным і адукацыйным аддзеламі, курыруе працу моладзевай арганізацыі.

Адзін з кіраўнікоў кампаніі «У абарону свабоды сумлення і веравызнання ў Беларусі».

Ад БХД балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці 19 снежня збіты спецназам, затрыманы і абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Выпушчаны ў ноч на 1 студзеня 2011 года пад падпіску аб нявыездзе, пасля таго як напісаў тлумачальную запіску на імя Аляксандра Лукашэнкі. Абвінавачанне перакваліфікавана на арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх. Пакараны двума гадамі пазбаўлення волі ўмоўна.

Жонка Наста – культуролаг, ёсць дачка Ева.