Яраслаў Раманчук

Нарадзіўся 10 студзеня 1966 года ў гарадскім паселішчы Сапоцкін на Гарадзеншчыне. Бацька працаваў электрыкам, маці, тэхнолаг паводле спецыяльнасці, – на ферме.

Праз польскае паходжанне Раманчука не ўзялі ў вайсковую ВНУ.

Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў (цяпер лінгвістычны універсітэт), аспірантуру Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры БДУ (кафедра эканамічных вучэнняў).

Пачаў выкладаць у альма-матар на кафедры граматыкі ангельскай мовы (1990-91). Падлічыў, што каб зарабіць на кватэру на гэтай пасадзе, давядзецца працаваць 54 гады, і пачаў займацца бізнесам – узначаліў замежнае прадпрыемства (1992). Адначасова ўзначаліў аддзел вонкавых сувязяў у Саюз прадпрымальнікаў Беларусі.

Стаў галоўным адмыслоўцам камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах у Вярхоўным Савеце 13-га склікання, дарадцам Станіслава Багданкевіча. За гэты час навязаў кантакты ў міністэрствах і навукова-даследчых інстытутах. Пачаў распрацоўваць канцэпцыі развіцця беларускай эканомікі, аналізуючы замежны досвед.
Пасля заняўся журналістыкай: працаваў эканамічным аглядальнікам, намеснікам галоўнага рэдактара, выканаўчым дырэктарам «Белорусская газета» (1997-2002).

Супрацоўнічаў з Цэнтрам стратэгічных ініцыятываў «Усход-Захад», які аб’ядноўваў бізнесоўцаў, палітыкаў і навукоўцаў у адзіны мазгавы цэнтр з мэтаю пабудовы грамадзянскай супольнасці ды паразумення паміж Усходам і Захадам (зачынены беларускімі ўладамі разам з прадстаўніцтвам Фонду Сораса). Пасля стаў кіраваць (з 2002 года) Навукова-даследчым цэнтрам Мізэса (названы ў гонар эканаміста аўстрыйскай школы Людвіка фон Мізэса) пры аналітычным цэнтры «Стратэгія».

З 2000 да 2011 года быў намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ад якой балатаваўся на выбарах прэзідэнта ў 2010-м. Пасля жорсткага разгону паслявыбарчай акцыі пратэсту выступіў у дзяржаўных СМІ з заяваю, у якой асудзіў Андрэя Саннікава, Ірыну Халіп, Віталя Рымашэўскага і Міколу Статкевіча за падзеі на Плошчы.

Напісаў больш за 800 артыкулаў на эканамічныя тэмы і шасці кніг (сярод іх «Беларусь: дарога ў будучыню», «Бізнес Беларусі: у коле першым», «У пошуках эканамічнага цуду»). Адзін з аўтараў антыкрызіснай платформы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў па спісе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на выбарах 2008 году, якія прайграў.

Аўтар альтэрнатыўных законапраектаў аб бюджэце, прыватызацыі, ваеннай рэформе, рэформе сістэмы аховы здароўя; канцэпцыяў пенсійнай і адміністрацыйнай рэформы, інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз, а таксама партнёрства Беларусі і Расеі. Уваходзіў у склад міжведамаснай працоўнай групы пры Савеце міністраў, якая распрацоўвала план дзеянняў па развіцці краінавага маркетынгу Беларусі.

Раманчук адным з першых у 1989 годзе ўступіў у Саюз палякаў Беларусі (у той час – Аб’яднанне імя Элізы Ажэшкі). Пасля канфлікту Саюзу палякаў з уладамі і ягонага расколу заняў бок непрызнанай уладамі арганізацыі. Дэкларуе прыхільнасць да каталіцызму.

Жонка Алеся – эканаміст, сын Міраслаў нарадзіўся ў 2012 годзе.