Уладзімір Някляеў

Паэт, пісьменнік, ініцыятар грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», экс-кіраўнік кампаніі «Гавары праўду!».

Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 Ў горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласці. Бацька Пракоп – расеец, механік паводле спецыяльнасці, узначальваў сельсавет у Крэве, маці – беларуска Анастасія Магер.

Вучыўся ў Менскім элетратэхнікуме сувязі (1962-66), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытуту ў Маскве (1971), скончыў філалагічны факультэт Менскага педінстытуту (1973).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Пасля сышоў у журналістыку: літаратурны супрацоўнік газеты «Знамя юнацтва», рэдактар бюлетэня «Тэатральны Менск», кіраўнік ​​галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўны рэдактар часопісу «Крыніца», галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Спрабаваў дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам аб неўмяшальніцтве ў справы культуры ўзамен за адсутнасць крытыкі ўладаў з боку яго і паплечнікаў. Адкрыта выступіў супраць тагачаснага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Замяталіна, які курыраваў культуру і варожа ставіўся да беларушчыны, на слуханнях у Палаце прадстаўнікоў. У выніку на Някляева завялі крымінальную справу, праз якую ён эміграваў у Варшаву (1999), дзе на прэс-канферэнцыі выступіў з заяваю супраць палітыкі беларускіх уладаў.
Пасля жыў у Фінляндыі. Вярнуўся ў Менск у 2003 годзе.

Кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру (2005-09).

У 2010 годзе заснаваў і ўзначаліў грамадскую кампанію »Гавары праўду!», ад якой балатаваўся на выбарах прэзідэнта. У выбарчы вечар быў збіты да непрытомнасці невядомымі па дарозе на мірную акцыю пратэсту. Выкрадзены са шпіталя і дастаўлены ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў справе аб масавых беспарадках. Пераведзены пад хатні арышт 29 студзеня 2011 года. Пасля абвінавачанне перафармулявалі на арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх. Пакараны двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю на два гады.

У красавіку 2015 года абвясціў пра выйсце з усіх апазіцыйных структураў праз тое, што апазіцыя гэтак і не здолела абраць адзінага кандыдата, які б узяў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. У траўні заявіў аб стварэнні грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі».

Выдаў больш за дзесяць кніг паэзіі ды прозы. У 2007-м творы Някляева выключылі са школьнай праграмы.

У 1980-я Някляеў стаў папулярны як аўтар словаў да песняў «Песняроў», «Верасоў», «Сяброў», Лікі Ялінскай (Анжалікі Агурбаш). Разам з Васілём Раінчыкам напісаў песню «Жыві, Беларусь!», якая магла б прэтэндаваць на тое, каб стаць гімнам Беларусі.

Жонка Вольга працавала ў тэхнічным аддзеле часопісу «Крыніца» ў часы, калі Някляеў быў галоўным рэдактарам. Новай працы знайсці не змагла з увагі на прозвішча, цяпер – хатняя гаспадыня. Дачка Ева – менеджар культуралагічных праектаў, з канца 1990-х жыве ў Фінляндыі.