Аляксей Міхалевіч

Юрыст, экс-старшыня Згуртавання беларускіх студэнтаў.

8 верасня 2015 года вяртаўся ў Беларусь з Чэхіі, дзе пасля выбараў 2010 года атрымаў палітычны прытулак і працаваў у прыватным сектары. Затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы «як асоба, што знаходзіцца ў вышуку» ў справе аб масавых беспарадках. Сям’я ўвесь гэты час заставалася ў Беларусі.

Нарадзіўся 15 траўня 1975 годзе ў Менску ў сям’і навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук БССР.

Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй, юрыдычны факультэт БДУ. Стажыраваўся ў Оксфардскім універсітэце (Вялікая Брытанія).

З 1997 года займаўся моладзевымі абменамі і турызмам. Працаваў на беларуска-польскім турыстычным прадпрыемстве «Аркадыя», якое пазней узначаліў. Вымушаны быў сысці праз ціск пасля парламенцкіх выбараў 2004 году. Антыкрызісны менеджар, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь (2006). Юрыст Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане і Беларускага незалежнага прафсаюзу (2007-2010).

Дэпутат Пухавіцкага раённага савету, каардынатар Асамблеі мясцовых саветаў (2003-07).
Намеснік старшыні партыі БНФ (2004-08). У 2008-м балатаваўся на пост старшыні, прапаноўваў праграму па яе рэфармаванні. Выключаны за публічную крытыку кіраўніцтва.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працаваў юрысконсультам у агенцтве перакладаў і юрыдычных паслуг. Заснаваў новы грамадскі рух – «За мадэрнізацыю».

Затрыманы пасля акцыі пратэсту ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 годзе ў сябе ўдома. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны па артыкуле аб масавых беспарадках. У лютым 2011-га выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Праз некалькі дзён зладзіў гучную прэс-канфэрэнцыю, на якой заявіў пра катаванні вязняў СІЗА КДБ, пасля якой таемна выехаў з Беларусі. Улады Беларусі абвясцілі яго ў міжнародны вышук.

Гуляе ў сквош і настольны тэніс.

Жонка Мілана – настаўніца ангельскай мовы. Дочкі: Леся (2000) і Алена (2009).