Рыгор Кастусёў

Намеснік старшыні Партыі БНФ.

Працуе намеснікам дырэктара Аб’яднанай прамысловай кампаніі (Расея, Санкт-Пецярбург), якая займаецца гуртавым гандлем дэталямі для аўтатранспарту і бытавымі прыладамі. Падчас выбарчай кампаніі 2015 года ўваходзіў у ініцыятыўную групу Таццяны Караткевіч, кандыдатуру якой спачатку падтрымала ягоная партыя, пасля абвясціўшы аб разрыве супрацы. У 2014 годзе абраны бургамістрам Шклова – кіраўніком ініцыятывы «Грамадскі магістрат». Яе мэта – данесці мясцовым уладам інфармацыю пра магчымасці эканамічнага развіцця Шклоўскага раёну.

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну ў сям’і калгаснікаў.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў у калгасах, у тым ліку старшынём (1983-1991), дырэктарам раённага аб’яднання ЖКГ у Шклове (1995-2001). Пасля працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў пачаўся ціск уладаў, з-за якога вымушаны быў сысці з пасады. З таго часу працаваў на прыватных прадпрыемствах («Гідрасіла–Белая Русь», Асвейскай будаўнічай кампаніі), быў індывідуальным прадпрымальнікам.

Грамадскай і палітычнай дзейнасцю займаецца з 1989 году. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. У 2004 і 2008 гг. быў кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанаю асобай Аляксандра Мілінкевіча.

У ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яго затрымалі, але адразу выпусцілі – пасля таго як па беларускім тэлебачанні паказалі ўрывак інтэрвю, у якім Кастусёў назваў акцыю на Плошчы правакацыяй. Знаходзіўся пад следствам і пад падпіскаю аб нявыездзе да лістапада 2011 года.

Жанаты, мае траіх дзяцей. Жыве ў Шклове.