Віктар Цярэшчанка

Кандыдат эканамічных навук, прадпрымальнік.

Нарадзіўся 30 студзеня 1950 года ў вёсцы Дуброўка Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласці ў сям’і працоўных.

Пачынаў як просты рабочы, пасля атрымаў рознабаковую эканамічную адукацыю: у Гомельскім універсітэце, Міжнародным інстытуце менеджменту (Кіеў) і Дэлаўэрскім універсітэце – адным з найстарэйшых у ЗША, заснаваным на базе вучэльні, якую скончылі трое падпісантаў Дэкларацыі аб незалежнасці Злучаных Штатаў (29-е месца сярод публічных універсітэтаў у рэйтынгу Fоrbes). Яшчэ ў 1990-м атрымаў навуковую ступень МВА – магістра бізнес-адміністравання.

Браў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

З 1992 да 2004 года ўзначальваў «Міжнародны інстытут менеджменту» (МІМ-Беларусь), які ствараўся як сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства.

Вылучаўся кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але не змог сабраць 100 тысяч подпісаў. Пасля выбараў два месяцы працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта начальнікам упраўлення па справах тэрыторыяў. Напрыканцы года заснаваў Беларускую народную партыю (у 1999-м яна не прайшла перарэгістрацыю).

У Вярхоўным Савеце 13-га склікання ўваходзіў у камісію па адукацыі, навуцы і культуры. Пасля рэферэндуму 1996 года перайшоў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Спрабаваў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе, але яго зноў не зарэгістравалі кандыдатам.

У сярэдзіне 2002-х кіраваў прадстаўніцтвам аўтаномнай некамерцыйнай міжнароднай арганізацыі «Выканкам Рады славянскіх народаў Беларусі, Расеі, Украіны», якое ставіла за мэту
«кансалідацыю навуковых, культурных, грамадскіх, творчых сіл, якія падтрымліваюць збліжэнне славянскіх народаў у сацыяльна-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай сферах».  Узначальваў і Беларускае грамадскае аб’яднанне «Народная дыпламатыя», пра яго вядома, што ў 2001 годзе яно ўвайшло ў Канфедэрацыю «За сацыяльныя перамены» разам з дзясяткам іншых субектаў, сярод якіх былі галіновыя прафсаюзы і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада».

Чалец Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогіяў. Гэта грамадская арганізацыя, мэта якой аб’яднаць высілкі навукоўцаў з розных краінаў у сферы інфармацыйных тэхналогіяў.

Пасля выбараў 2010 года быў адзіным кандыдатам (апрача Лукашэнкі), якога не затрымалі. Апошнія пяць гадоў сядзіць без працы. Узначальвае раду Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (старшыня арганізацыі – Сяргей Балыкін).

Аўтар больш за 70 навуковых і дзяржаўных працаў па праблеме развіцця Беларусі. Паводле Цярэшчанкі, на выбары-2015 ён збіраўся амаль з той самай праграмай, з якой вылучаўся ў 2010 годзе, бо 70% той праграмы па-ранейшаму не губляюць сваёй актуальнасці.

Любіць гуляць у шахматы, працаваць на лецішчы і падарожнічаць.

Жанаты другім шлюбам са сваёй студэнткай. Падчас выбараў 2010 года былая і цяперашняя жонкі збіралі за яго подпісы, у ініцыятыўную групу ўступілі нават абедзве цёшчы. Бацька трох дачок, ёсць унучка.