Аляксандр Мілінкевіч

Лідар Руху «За Свабоду».

Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Горадні ў сям’і настаўнікаў. Прапрадзед і прадзед удзельнічалі ў паўстанні 1863-64 гадоў, дзед змагаўся за беларускія школы ў міжваенны час, калі Гарадзеншчына была часткаю Польшчы.

Фізік паводле адукацыі, кандыдат фізыка-матэматычных навук. Працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук Беларусі, затым выкладаў у Гарадзенскім універсітэце, пасля загадваў кафедрай ва ўніверсітэце алжырскага гарода Сэтыф (1980-84). Стажыраваўся ва ўніверсітэце Монпэлье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім універсітэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучаньня ў еўрапейскім цэнтры даследавання праблемаў бяспекі ў Гарміш-Партэнкірхэне (Нямеччына, 2000).

Пасля вяртання ў Горадню заняўся краязнаўствам, быў лідарам нефармальнага аб’яднання інтэлігенцыі «Паходня». Амаль 10 гадоў вёў на мясцовым тэлебачанні перадачу пра гісторыю Гарадзеншчыны. Напрыканцы 1980-х знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне, за што ўзнагароджаны ордэнам «За заслугі перад польскаю культурай», напісаў пра гэта ўспаміны. Арганізаваў рэстаўрацыю самага старажытнага ў Еўропе вежавага гадзінніка – на Фарным касцёле ў Горадні.

Намеснік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму (1990-96), займаўся адукацыяй, культураю, рэлігіяй, аховаю здароўя, СМІ, міжнароднымі адносінамі, спортам, праблемамі моладзі і аховаю гістарычнай спадчыны. Працягваў выкладаць ва ўніверсітэце. З улады сышоў напярэдадні рэферэндуму 1996 года.

Заснаваў грамадскае аб’яднанне «Ратуша», якая дапамагала грамадскім ініцыятывам на Гарадзеншчыне.

У 2000 годзе кіраваў выбарчым штабам кандыдата на прэзідэнта Сямёна Домаша. У 2006-м ачоліў Рух «За Свабоду» і стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах.

Валодае ангельскай, французскай і польскай мовамі.

Жанаты другім шлюбам, жонка – грамадская дзяячка Іна Кулей, ад першага шлюбу мае сыноў Аляксандра і Вітаўта.