Аляксандр Казулін

Прафесар, кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар педагагічных навук, былы рэктар БДУ, экс-старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП) «Грамада».

Пасля рэпрэсіяў, звязаных з удзелам у выбарах 2006 года і палітычных акцыях, працуе не па спецыяльнасці. 

Нарадзіўся 25 лістапада 1955 у Менску. Бацька працаваў майстарам на Менскім трактарным заводзе, маці – настаўніцаю.

Кар’ера звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, у якім скончыў мехмат і аспірантуру, і з Міністэрствам адукацыі, дзе пачаў працаваць яшчэ ў савецкі час. Намеснік, а пасля – першы намеснік міністра адукацыі Беларусі (1992-96). У 1996-м вярнуўся ў БДУ на пасаду рэктара. У БДУ праявіўся сябе рэфарматарам: гэта першая ўстанова ў Беларусі, якая перайшла на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў паводле ўзору еўрапейскіх ВНУ. Дапамог Паўлу Севярынцу падчас абароны дыпломнай працы: дэкан не хацеў яе прымаць, паколькі яна была напісана тарашкевіцаю. У той жа час з’яўляліся звесткі пра тое, што ён пазбаўляўся ад палітычна нелаяльных студэнтаў і выкладчыкаў.

З 1998 па 2001 гады ўваходзіў ва ўрад Беларусі (старшыня Савету рэктараў ВНУ рэспублікі, член Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі).

З універсітэту звольнены загадам Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі са скандалам вакол унітарнага прадпрыемства «Унідрагмет БДУ», адкуль было выкрадзена 34,805 кілаграмаў золата, якія каштавалі больш за $ 300 тыс. Гэта быў пачатак канфлікту з кіраўніком краіны.

У 2005 годзе заснаваў Агульнанацыянальны рух «Воля народа», да якога далучыліся сярод іншых народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, акадэмік Генадзь Лыч і дачка Пятра Машэрава Наталля, якая таксама заяўляла пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Значных вынікаў на палітычнай сцэне ён не дасягнуў. У тым жа годзе Казулін узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП) «Грамада».

У 2006-м на Казуліна завялі адразу некалькі крымінальных справаў. Спачатку – за хуліганства, калі ён спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам ад сваёй партыі на 3-ці Усебеларускі народны сход, за што быў збіты кіраўніком спецназу МУС Дзмітрыем Паўлючэнкам, а пасля – завезены ў пастарунак, дзе разбіў партрэт Лукашэнкі. Падчас разгону несанкцыянаванага мітынгу на Дзень Волі Казуліна затрымалі ды абвінавацілі ў «арганізацыі групавых дзеянняў з выкарыстаннем выбуховых рэчываў».

Пакараны 5,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. У 2006 годзе трымаў у турме 53-дзённую галадоўку, каб прыцягнуць увагу Рады бяспекі ААН да сітуацыі ў Беларусі. Страціў больш за 40 кг. Падчас знаходжання за кратамі яму не давалі бачыцца з хвораю на рак жонкай, з цяжкасцю дамогся дазволу прысутнічаць на ейным пахаванні. У 2008-м памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Будучы ў зняволенні, Казулін стаў удзельнікам скандалу вакол сваёй партыі: нібыта звярнуўся з-за кратаў лістом, у якім патрабаваў змяніць сваіх намеснікаў з прычыны падзення папулярнасці БСДП. Апошнія выказалі сумнеў, што тэкст напісаў Казулін. Аднак перад ягоным выйсцем з-за кратаў ягоныя паплечнікі абралі новага лідара: ім стаў намеснік Анатоль Ляўковіч, які кіраваў партыяй, пакуль старшыня быў у зняволенні. Праз некалькі месяцаў Казулін выйшаў з БСДП.

Бацька дзвюх дачок: Вольгі і Юліі.