Уладзімір Ганчарык

Экс-лідар Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай.

Цяпер на пенсіі, але падтрымлівае кантакты з прафсаюзамі і палітычнымі партыямі, якія звяртаюцца да яго па кансультацыі.

Нарадзіўся 29 красавіка 1940 года ў вёсцы Аўгустова Лагойскага раёну Менскай вобласці ў сям’і настаўніцы і бухгалтара.

Эканаміст паводле адукацыі (Беларускі інстытут народнай гаспадаркі, 1961), працу па спецыяльнасці пачынаў у калгасе на Любаншчыне (Менская вобласць). Хутка перайшоў на партыйную працу (1965), пасля абараніў кандыдацкую дысертацыю па эканоміцы (1976). З 1986-га – прафсаюзны лідар. Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (пасля – Беларускую) узначальваў з 1990 да 2001 года. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканняў.

У апазіцыю сышоў паступова. На 1-ым Усебеларускім народным сходзе быў адзіным чальцом прызідуму, які адкрыта прагаласаваў супраць праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, прапанаванай Аляксандрам Лукашэнкам. З гэтага моманту пачалося супрацьстаянне паміж уладамі і прафсаюзамі. Прадпрыемствы перасталі пералічваць узносы на рахунак ФПБ, што паралізавала ейную дзейнасць. Ганчарык саступіў пасаду Францу Вітко ў спадзяванні, што гэта выправіць сітуацыю. Аднак фінансаванне прафсаюзаў аднавілася толькі калі іх узначаліў былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Леанід Козік.

Галіновыя прафсаюзы падтрымалі яго як кандыдата на прэзідэнта падчас выбараў 2001 года. Амаль за два месяцы да выбараў абнародаваў ксеракопію дакументу, з якога вынікала, што апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ліквідавалі паводле ўказу апошняга.

У выніку кампрамісу паміж дэмакратычнымі сіламі Ганчарыка абралі адзіным кандыдатам ад апазіцыі на пасаду кіраўніка дзяржавы, дзеля якога зняць сваю кандыдатуру давялося іншаму апазіцыйнаму лідару – Сямёну Домашу. Заклікаў Уладзіміра Пуціна стаць гарантам дэмакратычных выбараў у Беларусі. Спасылаючыся на дадзеныя паралельнага падліку галасоў, Ганчарык абвясціў аб тым, што насамрэч ён набраў 40 % (паводле афіцыйных звестак – 15,7 %), а Лукашэнка – 46 %, і запатрабаваў другога тура выбараў. Пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабраліся каля 5 тыс. чалавек. Ганчарык і 200 ягоных паплечнікаў увечары 9 верасня забарыкадаваліся нанач у Палацы прафсаюзаў, які знаходзіцца на плошчы.

Пасля выбараў працаваў у расейскай камерцыйнай структуры. Сышоў з вялікай палітыкі, але падтрымліваў сувязі з прафсаюзамі, расейскімі палітыкамі, даваў кансультацыі, браў удзел у сустрэчах дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га склікання.

У Ганчарыка склаліся добрыя сувязі з замежнымі прафсаюзнымі дзеячамі. Кожны раз калі дзяржава ўзмацняла націск на беларускія прафсаюзы заходнія прафсаюзы адказвалі на гэтаінцыяваннем эканамічных санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў.

У маладосці досыць сурёзна займаўся спортам. Амаль прафесійна гуляў у футбол.

Жонка Лілія працавала эканамістам, дачка Алена па адукацыі таваразнаўца, сын Сяргей скончыў політэхнічны інстытут. Ёсць унукі.