Вячаслаў Кебіч

Першы прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, атрымлівае пенсію прэм’ер-міністра.

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 году ў вёсцы Канюшаўшчына Наваградскага ваяводства, цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці.

Інжынер паводле адукацыі, узначальваў Менскі станкабудаўнічы завод, заслужаны машынабудаўнік Беларусі (1978). Далей хутка ўзышоў па партыйнай лесвіцы і ўзначаліў Савет Міністраў БССР. Першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі (1990-94). Непаслядоўны прыхільнік рынкавых пераўтварэнняў: прыняўшы найбольш прагрэсіўныя пастановы ўраду, імкнуўся да саюзу з Расеяй, што перашкаджала іх рэалізоўваць.

Кандыдат эканамічных навук (1990), абараніў дысертацыю «Структура і функцыі дзяржаўных органаў кіравання народнай гаспадарцы саюзнай рэспублікі ва ўмовах развіцця ёю эканамічнай самастойнасці».

Менавіта пад Кебіча ягоныя прыхільнікі ў параменце стварылі пасаду прэзідэнта. Пераўтварэнне Беларусі з парламенцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую замацавала Канстытуцыя 1994 года. Прайграўшы выбары, Кебіч павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогаю, але з палітыкі не сышоў, стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання. Тут таксама праявіў лаяльнасць: прызнаў вынікі рэферэндуму 1996 года. Дзякуючы гэтаму, два тэрміны прабыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, створанага Лукашэнкам замест распушчанага Вярхоўнага Савету.

У 1994-м стварыў Беларускі гандлёва-фінансавы саюз, які ўзначальвае дагэтуль. Аўтар кнігі «Спакушэнне ўладаю» (2008).

Жанаты, абодва сыны займаюцца бізнесам.