Станіслаў Шушкевіч

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету, узначальвае партыю Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Чытае лекцыі па паліталогіі ва ўніверсітэтах свету, распавядаючы між іншым пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Нарадзіўся 15 снежня 1934 года ў Менску. Бацькі паходзілі са збяднелай шляхты. Маці Алена (Гелена) Раманоўская належала да польскай філіі Беларускага саюзу пісьменнікаў і пісала пра лёсы палякаў у СССР, перастала займацца літаратурай з увагі на палітычныя ўмовы, выкладала ў школе мову і літаратуру. Бацька, таксама Станіслаў Шушкевіч, пісаў вершы і творы для дзяцей, друкаваўся ў прэсе. У 1936 годзе яго асудзілі на восем гадоў лагераў за «прыналежнасць да контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі», у 1940-я асуджаны паўторна. Канчаткова вярнуўся з Сібіры ў Беларусь у 1956 годзе.

Шушкевіч – адмысловец у ядравай электроніцы. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прыхільнік пабудовы АЭС у Беларусі.

У 1960–61 падчас працы на Менскім радыётэлевізійным заводзе (цяпер «Гарызонт») навучаў расейскай мове Лі Гарві Озуалда – будучага забойцу Джона Кенэдзі.

Узначальваў Вярхоўны Савет (ВС) 12-га склікання (з 1990 да 1994 года). У 1991-м быў адным з нямногіх беларускіх палітыкаў, якія выступілі супраць путчу ГКЧП. Падпісаў Белавежскія пагадненні, якія спынілі існаванне СССР.

Узначальваў дзяржаву да 1994 года, пакуль незадоўга да першых выбараў прэзідэнта Беларусі яго не адхілілі з пасады старшыні ВС па выніках тайнага галасавання дэпутатаў нібыта за злоўжыванне службовым становішчам. Старшыня антыкарупцыйнай камісіі, дэпутат Аляксандр Лукашэнка ў сваім дакладзе абвінаваціў Шушкевіча ў тым, што той замовіў для будаўніцтва прыватнай дачы казённую скрыню цвікоў і не заплаціў за яе.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года агітаваў за інтэграцыю з Еўропай, эканамічныя рэформы ды ваенны нейтралітэт. Больш ніколі не ўдзельнічаў у прэзідэнцкай гонцы ў якасці кандыдата, паколькі ўсе чарговыя выбары лічыў нелегітымнымі. Нягледзячы на апошняе, падтрымліваў іншых кандыдатаў у прэзідэнты: у 2001 годзе – Уладзіміра Ганчарыка, у 2006-м – Аляксандра Мілінкевіча, а ў 2010-м – Андрэя Саннікава.

У 1994 годзе ўзначаліў Цэнтр палітычных і эканамічных даследаванняў забароненага ўладамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, які быў вымушаны «эміграваць» у Вільню. Выкладаў ва ўніверсітэтах Польшчы, Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Расеі, Украіны і Канады.

Лаўрэат Вышэйшай узнагароды Літвы – Ордэна Вітаўта Вялікага за падтрыманне незалежнасці Літвы (як першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савету ў 1990 годзе прыехаў у Вільню і выказаў сваю салідарнасць з літоўскім народам падчас захопу тэлецэнтру і пагрозы разгону парламенту). Мае медаль Свабоды Трумэна-Рэйгана атрымаў за дасягненні ў распаўсюдзе дэмакратыі.

Жанаты, дачка скончыла кансерваторыю, сын займаецца бізнесам, ёсць унучка.