Васіль Новікаў

Атрымлівае пенсію дзяржаўнага служачага, кіруе кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у турызме і гасціннасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізічнай культуры (з 2009 года).

Нарадзіўся 21 лютага 1946 года ў вёсцы Ламачына Аршанскага раёну Віцебскай вобласці. Быў адзінаццатым дзіцём у сям’і рабочага-чыгуначніка.

Філосаф паводле адукацыі (Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт), у савецкія часы зрабіў кар’еру па лініі партыі ды стаў памочнікам першага сакратара ЦК КПБ (1989).

На прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе балатаваўся ўжо ад створанай у 1991-м Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ), якая абвесціла сябе пераемніцаю КПБ БСРР. (У 2009-м ПКБ пераназвалася ў Беларускую партыю левых «Справядлівы свет», якую ўзначальвае Сяргей Калякін). Адзіны з кандыдатаў адкрыта заяўляў аб прыхільнасці да сацыялістычных каштоўнасцяў. Заклікаў спыніць рэформы і «вярнуць народу тое, што ў яго забралі». За што стаў героем народнай прыпеўкі «Нам на тога Васіля паглядзець хоць іздаля». На выбарах фінішаваў з найгоршым вынікам, затое праз год камуністы ўзялі большасць партыйных мандатаў у Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га склікання, дзе Новікаў стаў першым віцэ-спікерам. Выступіў супраць рэферэндуму 1996 года, галоўным вынікам якога стала пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, і перайшоў у апазіцыю.

У 1998-м спыніў апазіцыйную дзейнасць і адразу атрымаў дзяржаўную пасаду – дарадцы Амбасады Беларусі ў Малдове. Пасля абараніў доктарскую і стаў дырэктарам Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004-2008).

Жанаты, бацька двух дачок.