Зянон Пазняк

Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Жыве паміж Варшаваю і Нью-Ёркам.

Нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў мястэчку Суботнікі Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласці.

Бацьку Станіслава мабілізавалі ў Чырвоную Армію летам 1944 года, а ўжо ў снежні ён загінуў на фронце. Унук выбітнага беларускага дзеяча Польшчы і Літвы міжваеннага часу – Янкі Пазняка.

Мастацтвазнаўца паводле адукацыі, у 1980-м абараніў дысертацыю ў Ленінградзе (праз канфлікт з кіраўніцтвам беларускага ўніверсітэту) па гісторыі беларускага тэатру. Быў працоўным сцэны Дзяржаўнага тэатру оперы і балета Беларусі, фатографам Дзяржаўнага музею БССР і Музею Янкі Купалы ў Менску.

З 1960 года змагаўся супраць разбурэння гістарычных кварталаў Менску: Траецкага прадмесця, Ракаўскага прадмесця і Верхняга гораду. У 1969 апублікаваў на гэту тэму артыкул у газеце «Праўда», чым уратаваў Купалаўскі тэатр. З палітычных прычынаў у 1974-м страціў працу ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі ды фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Перайшоў у аддзел археалогіі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, дзе вывучаў перыяд позняга Сярэднявечча ў Беларусі.

У 1988 годзе адкрыў грамадскасці праўду пра масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКВД, у Курапатах. Пасля адбылося знакавае шэсце на Дзяды, разагнанае міліцыяй і ўнутранымі войскамі. Гэтыя падзеі абудзілі нацыянальны рух. У гэтым жа годзе заснаваў Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне».

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання. Дзякуючы ягоным намаганням беларусы даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці, «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі. Калі адбылося апошняе, Пазняк нават страціў прытомнасць.

На выбарах 1994 года выступаў за стварэнне Балта-Чарнаморскага саюзу, увядзенне талераў у якасці беларускай валюты ды люстрацыю. Быў супраць саюзу з Расеяй і хуткай прыватызацыі.

У 1996-м узначаліў першыя масавыя пратэсты супраць метадаў кіравання Лукашэнкі, якія пазней атрымалі назву «Вясна 1996». Пасля хвалі палітычных рэпрэсіяў эміграваў на Захад.

Заяўляў аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах 2001 і 2006 гадоў. У першым выпадку не хапіла подпісаў для рэгістрацыі, у другім зняў сваю кандыдатуру на этапе рэгістрацыі. З 2006-га падтрымлівае ідэю байкоту выбараў.

У 2007 годзе з’явіўся сатырычны тэкст «Зянон-хоп» пра вяртанне Пазняка на Радзіму, які стаў
вельмі папулярным у байнэце.

Сябра беларускага ПЭН-цэнтру.

Жанаты.