Вячаслаў Кебіч

Першы прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь.

Працягвае ўзначальваць Беларускі гандлёва-фінансавы саюз, які стварыў у 1994-м. Атрымлівае пенсію прэм’ер-міністра.

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 году ў вёсцы Канюшаўшчына Наваградскага ваяводства, цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці.

Інжынер паводле адукацыі, узначальваў Менскі станкабудаўнічы завод, заслужаны машынабудаўнік Беларусі (1978). Далей хутка ўзышоў па партыйнай лесвіцы і ўзначаліў Савет Міністраў БССР. Першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі (1990-94). Непаслядоўны прыхільнік рынкавых пераўтварэнняў: прыняўшы найбольш прагрэсіўныя пастановы ўраду, імкнуўся да саюзу з Расеяй, што перашкаджала іх рэалізоўваць.

Кандыдат эканамічных навук (1990), абараніў дысертацыю «Структура і функцыі дзяржаўных органаў кіравання народнай гаспадарцы саюзнай рэспублікі ва ўмовах развіцця ёю эканамічнай самастойнасці».

Менавіта пад Кебіча ягоныя прыхільнікі ў параменце стварылі пасаду прэзідэнта. Пераўтварэнне Беларусі з парламенцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую замацавала Канстытуцыя 1994 года. Прайграўшы выбары, Кебіч павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогаю, але з палітыкі не сышоў, стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання. Тут таксама праявіў лаяльнасць: прызнаў вынікі рэферэндуму 1996 года. Дзякуючы гэтаму, два тэрміны прабыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, створанага Лукашэнкам замест распушчанага Вярхоўнага Савету.

Аўтар кнігі «Спакушэнне ўладаю» (2008).

Жанаты, абодва сыны займаюцца бізнесам.