Аляксандр Дубко

Экс-кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму.

Нарадзіўся 14 студзеня 1938 года ў вёсцы Ілава Шумілінскага раёну Віцебскай вобласці, памёр
4 лютага 2001.

Навуковец-аграном паводле спецыяльнасці, прысвяціў жыццё сельскай гаспадарцы Гарадзеншчыны, дзе атрымаў вышэйшую адукацыю. Стаў вядомы як кіраўнік калгасу-мільянера «Прагрэс» у вёсцы Верцялішкі (1972). Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР двух скліканняў.

У 1990-91 узначальваў Гарадзенскі абласны савет дэпутатаў. У прэзідэнцкіх выбарах 1994 года ўдзельнічаў ад Саюзу аграрнікаў. Замест афіцыйнага лозунга сваёй кампаніі «Краіне патрэбны гаспадар» з задавальненнем выкарыстоўваў радок «Галасуйце за Дубко – будуць хлеб і малако», які сачынілі ягоныя землякі на Віцебшчыне.

Пасля выбараў Аляксандр Лукашэнка прызначыў яго старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму, а праз тры гады зрабіў яшчэ і чальцом верхняй палаты свайго парламенту. Заставаўся ў апараце Аграрнай партыі. У 1997-м заснаваў стыпендыю Гарадзенскага аблвыканкаму для асабліва адораных вучняў.

Пайшоў з жыцця 4 лютага 2001 года. Арганізоўваў пахаванне сам Аляксандр Лукашэнка, які прысутнічаў на цырымоніі асабіста, а пасля пасмяротна прысвоіў Дубку званне Героя Беларусі «за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам». Імем Аляксандра Дубко названы хакейны турнір і вуліца ў Горадні.

У Дубка засталіся ўдава, два сыны і ўнукі.