Таццяна Караткевіч

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Акрамя сяброўства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), апошнія пяць гадоў працуе ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», а таксама прадстаўляе кааліцыю «Народны рэферэндум». Удзел у апошняй падштурхнуў яе пайсці на выбары. Галоўны лозунг ейнай выбарчай кампаніі – мірныя перамены.

Нарадзілася ў Менску ў 1977 годзе.

Выпускніца факультэту псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Танка. Скончыла магістратуру БДУ (2012), тэма дысертацыі – сацыяльная абарона людзей сталага веку і рэалізацыя асабовага патэнцыялу.

11 гадоў выкладала псіхалогію ў альма-матар, працавала ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогіяў БДУ. Загадвала аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ў адным з цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Менску.

Апошнія два гады кіруе сацыяльнай установай «Сямейная пляцоўка», куды прыходзяць тыя, хто трапіў у тупіковую жыццёвую сітуацыю. Падтрымлівае маладыя сем’і, пенсіянераў, ветэранаў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Кандыдат у майстры спорту, уваходзіла ў склад жаночай зборнай БССР па веласпорце. На ровары прыехала і на святочны пікет з нагоды 100-тысячнага подпісу ў падтрыманне ейнай кандыдатуры.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года была даверанаю асобай у штабе Уладзіміра Някляева. Сама брала ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў (2012) і мясцовых (2014).

Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі наведала магілёўскую турму №4, дзе адбываў пакаранне палітвязень Мікалай Статкевіч.

Нягледзячы на сталічныя карані прызнаецца, што любіць бываць на малой радзіме бацькі (вёска Угалёўшчына Талачынскага раёну на Віцебшчыне) і маці (вёска Барбарова Глускага раёну на Магілёўшчыне).

Муж будаўнік, сыну 12 гадоў. Маці Наталля – чалец ініцыятыўнай групы дачкі, яны разам збіралі подпісы.