Выбары ў Беларусі 2015

Японец захапіўся беларушчынай і чытае напамяць Багдановіча

video

Славуты сын зямлі беларускай Максім Багдановіч выкарыстоўваў японскія формы для складання вершаў – ёсць у яго танка, што так і называюцца: «Японскія песні». Але прагучаў на мове самураяў Багдановіч бадай упершыню. Адбылося гэта ў Вільні падчас сустрэчы з японскім беларусістам, што захапляецца творчасцю беларускага класіка.

Кен Сібата, чацвёртакурснік такійскага ўніверсітэту Ўасэда, вывучае беларускую мову два гады. Менавіта захапленне творчасцю Максіма Багдановіча найбольш натхніла маладога філолага на сурёзнае вывучэнне беларускай мовы.

КЕН СІБАТА, ЯПОНСКІ БЕЛАРУСІСТ:
«Асабліва мне падабаецца фанетыка беларускай мовы, вельмі прыгожа гучыць мова, таму я таксама хачу вымаўляць гэтыя прыгожыя словы па-беларуску».

У Беларусі Кен правучыўся год паводле праграмы абмену ў БДУ. Увогуле ж яго спецыяльнасць – расейская мова, а дыпломную працу ён піша па творчасці Максіма Багдановіча. І перакладае Багдановіча на японскую.

Такіец у некалькіх пакаленнях, Кен Сібата вывучае Беларусь не толькі паводле падручнікаў.

КЕН СІБАТА, ЯПОНСКІ БЕЛАРУСІСТ:
«Я проста падарожнічаю па ўсходняй Еўропе і папаў у Вільню. У Вільні хачу пабачыць месцы якія цесна звязаныя з беларускай гісторыяй ці культурай».

Сустрэчу з маладым беларусістам у Вільні арганізавалі Таварыства беларускай культуры і асацыяцыя «Крывія».

ЗМІЦЕР КАРАЧУН, АСАЦЫЯЦЫЯ «КРЫВІЯ»:
«Не кожны беларус сёння ў самой Беларусі валодае добра мовай. А чалавек практычна без акцэнту размаўляў і чытаў нават вершы. Мяне гэта вельмі ўразіла і здзівіла».

Далёкага госця засыпалі пытаннямі пра жыццё ў Японіі, распытвалі пра ўражанні ад падарожжа ды планы на будучыню.

АЛЯКСАНДР АДАМКОВІЧ, СТАРШЫНЯ ТБК У ЛІТВЕ:
«Вельмі прыемна што для беларусаў бліжэй становіцца японская культура праз асабістыя кантакты і беларуская культура таксама становіцца больш вядомая ў Японіі і для японцаў».

Віленскія беларусы маюць намер развіваць сувязі з японскім даследчыкам творчасці Максіма Багдановіча. Сярод самых смелых планаў – выданне перакладаў беларускай літаратуры па-японску.

ІД, «Белсат»

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ