Выбары ў Беларусі 2015

Супраць каго ваюе Расея?

video

Расейская авіяцыя падтрымлівае сілы Башара аль-Асада, але ці ў барацьбе з ісламістамі? Толькі Масква і Дамаск заяўляюць, што атакавалі ўчора пазіцыі «Ісламскай дзяржавы». Рэшта ж свету ўпэўненая – на бамбардаваных пазіцыях тэрарыстаў не было – толькі мірныя жыхары, ды антыасадаўскія паўстанцы.
Відэа з зямлі паказвае толькі цывільныя ахвяры. Усе зацікаўленыя дзяржавы заяўляюць, што расейская авіяцыя адбамбілася па цывільных цэлях, ды па пазіцыях антыасадаўскіх паўстанцаў. Наймацней абураецца Саўдаўская Аравія.

«Немагчыма змагацца з «Ісламскай дзяржавай» і пры гэтым падтрымліваць рэжым аль-Асада і ягоных хаўруснікаў з «Хезбалы», ды іншых. Мы выказваем глыбокую занепакоенасць расейскай вайсковай актыўнасцю ў Хомсе і ў Хаме – гэта гарады, дзе няма сілаў «Ісламскай дзяржавы», гэтыя атакі забралі жыцці шматлікіх мірных жыхароў», – кажа амбасадар Саўдаўскай Аравіі ў ААН Абдула аль-Муаллямі.

Пакуль Эр-Рыяд выказвае занепакоенасць, фінансаваная Саўдаўскай Аравіяй сірыйская групоўка «Армія Ісламу» абвесціла вайну Расеі. Паводле сірыйскіх паўстанцаў, у выніку расейскіх налётаў загінулі ад 30 да 40 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці. Такімі ж дадзенымі валодае і Пентагон. Расейскі міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў, на такія закіды адказаў коратка:

«Усё ўжо патлумачыў міністр абароны Расейскай Федэрацыі. Не слухайце, што кажа Пентагон».

Расея ізноў падкрэслівае, што не збіраецца праводзіць у Сірыі наземнай аперацыі, але паводле агенцтва вайсковых навінаў «Інтэрфакс», цэлыя падраздзяленні марской пехоты Чорнаморскага флоту будуць задзеяныя ў абароне расейскай авіябазы ў сірыйскім порце Латакія. Відавочна – той самай авіябазы, інфармацыю пра якую Крэмль зняпраўджваў цягам апошніх тыдняў. Для расейскіх вайскоўцаў сітуацыя выглядае даволі простым чынам.

«Сітуацыя склалася такім чынам, што калі мы сёння не падтрымаем Асада, то яшчэ адна краіна абваліцца ў хаос і гэтая карычневая чума – фашызм, але ўжо з некаторым мусульманскім адценнем, пачне распаўсюджвацца па ўсяму свету», – заяўляе генерал-маёр авіяцыі Аляксандр Руцкой.

Аднак цяпер выглядае на тое, што расейскія самалёты бамбардуюць зусім не ісламістаў. Тым часам Злучаныя Штаты выслалі некалькі верталётаў і грузавых самалётаў з не менш, як 300-мі жаўнераў на авіябазу ў Турцыі. У Вашынгтоне заяўляюць, што гэтыя сілы будуць прымаць удзел у «выратавальных аперацыях».

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ