Выбары ў Беларусі 2015

Прэзідэнцкія выбары – фальшывыя!

video

З такою заяваю нечакана выступіў Віктар Цярэшчанка. Палітык заявіў, што ня мае намеру далей удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Віктар Цярэшчанка, якога ў мінулыя гады называлі спарынг-партнёрам Лукашэнкі, падчас сёлетняй кампаніі стаў больш крытычна ацэньваць улады.

Сёння ж у інтэрв’ю радыё «Свабода» палітык яшчэ больш завастрыў рыторыку, заявіўшы, што дыктатарскі рэжым хутка рухне, а час для па-сапраўднаму моцнай ды квітучай Беларусі абавязкова прыйдзе.

ВІКТАР ЦЯРЭШЧАНКА, ПАЛІТЫК, ЭКАНАМІСТ:
«Выканаўчая ўлада, па-сутнасці феадальная ў Беларусі цісне на тое, каб я стаў паслухмяным выканаўцам гэтай улады. Я ніколі на такое не пайду, і не жадаю ўдзельнічаць у гэтым. І заклікаю калегаў, якіх, верагодна, зарэгіструюць кандыдатамі, не прымаць удзел у выбарах».

Аднак заклік застаўся без адказу. Штабы патэнцыйных кандыдатаў чакаюць рэгістрацыі ды пачатку агітацыйнай кампаніі. Праўда, актыўная праца ўжо цяпер вядзецца ў сацыяльных сетках. Але карыстальнікаў інтэрнэту скалыхнуў фотаздымак Таццяны Караткевіч з хлопцам, апранутым у футболку з расейскім імперскім сцягам і гербам. Мала таго, здымак, зроблены ў Воршы, з’явіўся ўчора, у Дзень вайсковай славы. У штабе кандыдаткі нашаму тэлеканалу ў каментары адмовілі. Раней неадназначную рэакцыю выклікалі заявы Караткевіч адносна захавання помнікаў Леніну: маўляў, трэба шанаваць пачуцці камуністаў.

ПАВАЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
«Выглядае на тое, што ні «Гавары праўду!», ні Таццяна Караткевіч не клапоціцца пра тое, што пра яе будуць думаць людзі, асабліва тая частка дэмакратычна грамадскасці, якая хвалюецца за незалежнасць краіны, для якой імперская сымболіка, ці сымболіка камуністычная з’яўляецца ўласнай, асабістай абразай».

З іншага боку, цікавасць наагул да выбараў у грамадстве як ніколі нізкая. Апатыя грамадзянаў, на якую звярталі ўвагу назіральнікі падчас збору подпісаў, надалей фіксуюць на камеры карэспандэнты «Белсату».

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«На гэтыя выбары, менавіта сёння я не магу сказаць, што патэнцыйныя кандыдаты выклікаюць у мяне інтарэс. Таму сёлетнія выбары я лічу безальтэрнатыўныя».
«На вялікі жаль выбары не маюць аніякага сэнсу. Няма інфармацыі пра аніводнага з кандыдатаў».
«Насамрэч сярод кандыдатаў і няма каго выбіраць».
«Сэнс выбараў у нас кожны раз адзін і той жа. Анічога новага не будзе».

Таму, на думку некаторых палітолагаў, палітыкі мусяць заклікаць ня толькі адзін аднаго да няўдзелу ў кампаніі, але і накіроўваць гэткі ж зварот да грамадзянаў краіны, якія ня вераць у выбары як інструмент для змены ўладаў.

ПАВАЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
«Застаецца толькі адно – ігнараваць гэтыя выбары. Безумоўна не прымаць удзелу ў гэтым фарсе, нягледзячы нават на тое, што галасы будуць скрадзеныя, няхай улада крадзе гэтыя галасы, але не аддаць ім з свае ўласнае волі».

Агулам сёлетняя выбарчая кампанія выяўляецца як досыць сумная. Бадай упершыню ў выбарчых бюлетэнях рэальнай альтэрнатывы кіраўніку краіны ня будзе.

Сяргей Скулавец, «Белсат»

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ