Выбары ў Беларусі 2015

Рэпартэр: Завод ядаў у Крупскім забівае мясцовых жыхароў


Глядзіце ў новым выпуску праграмы “Рэпартэр”:

Шасцігадовай Леры патрэбная наша дапамога.

У Валерыі Бацкалевіч цяжкая форма дзіцячага цэрэбральнага паралічу, прычынаю якога сталі ўскладненні пры нараджэнні. Бацькі дзяўчынкі не апускаюць рук і робяць усё магчымае, каб яна магла паўнавартасна жыць. У цяперашні час мама Леры вымушаная звяртацца па дапамогу да дабрачынцаў для збору сродкаў на рэабілітацыйны курс у Трускаўцы. Яго кошт складае звыш двух тысяч долараў без уліку праезду і пражывання.

Працяг няроўнай барацьбы жыхароў Крупскага з мясцовым “заводам ядаў”.

У паселішчы Крупскі, што на Меншчыне, адбыліся невядомыя атрутныя выкіды з заводу для перапрацоўкі адпрацаваных нафтапрадуктаў. Тутэйшыя яшчэ да будаўніцтва называлі яго “заводам ядаў”. Мясцовыя жыхары скардзяцца на несупынныя болі ў галаве і немагчымасць дыхаць. Але гэта не адзіная праява экалагічнай катастрофы мясцовага маштабу.

Гомель у перадвыбарчым рамонце. Шырокія дарогі ды вузкія ходнікі.

Некалькі тыдні да прэзідэнцкіх выбараў улады Гомля, атрымаўшы вялікае перадвыбарчае фінансаванне, вырашылі за маленькі тэрмін зрабіць горад прыдатным для аўтатранспарту і зусім забыліся пра людзей. Аўтамабілізацыя гораду атрымала буйныя маштабы, і гэта ў той час, калі краіны Еўропы яшчэ ў мінулым стагоддзі зразумелі, што горад у першую чаргу мусіць быць камфортным для пешаходаў, раварыстаў і грамадскага транспарту, а патокі машын трэба адводзіць ад цэнтру.

Вучні беларускага ліцэю з Бельску Падляскага ў Польшчы спазнаюць гісторыю бежанства жыхароў заходніх губерняў царскай імперыі ўглыб Расеі.

Сто гадоў таму царская адміністрацыя і войска выгнала з заходніх губерняў Расейскай імперыі амаль тры мільёны людзей. Палохалі іх злымі немцамі, якія перамагалі расейскую армію. У выніку гістарычнай палітыкі, якая ў нашай краіне надалей лічыць расейцаў выключна героямі сусветных войнаў, гэтыя падзеі амаль не вядомыя. Тым часам вучні Беларускага ліцэю з польскага гораду Бельск Падляскі распытвалі пра бежанства жыхароў Трасцянкі ды іншых навакольных вёсак за нашаю заходняю мяжой. З сённяшніх межаў Падляскага ваяводства выехала тады амаль усё праваслаўнае насельніцтва. Назад не вярнуўся кожны трэці.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ