Выбары ў Беларусі 2015

Эканамічны рост будзе, але на паперы


Крыху пра айчынную эканоміку. А ў ёй аптымізм знаходзяць, бадай, выключна беларускія ўрадоўцы. Міністр Уладзімір Зіноўскі не верыць замежным адмыслоўцам і цвердзіць, што апошнія месяцы назіраецца паступовая тэндэнцыя да паляпшэння. Хаця заканчэнне гэтага года міністр бачыць з падзеннем Валавога ўнутранага прадукту на 2-3 %, і тут ён больш аптымістычны, чымся эксперты. Спадзевы і рэчаіснасць гаспадаркі ў Станіслава Івашкевіча.

Важна не як ёсць, а як палічыць. Гэты падыход, у якіх міжнародная супольнасць вінаваціць Цэнтравыбаркам Беларусі, эксперты заўважаюць і за эканамічнымі ўладамі нашай краіны.

Па выніках васьмі месяцаў году Валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 3,5 %. Таму ўрад цяпер прапануе параўноўваць актуальныя паказнікі не з аналагічным перыядам мінулага году, а з папярэднім месяцам. І тут у жніўні ды верасні можна знайсці пазітыў, бо паказнікі – не такія дрэнныя, як былі за месяц да гэтага.

Эканоміка ўступіла ў стадыю аздараўляльнага росту. Аднак, рэзкая дэвальвацыя расейскага рубля ў жніўні, а следам за ёй – вымушаная змена курсу беларускага рубля ў дачыненні да замежных валютаў, вядома, унеслі нейкія карэктывы. Але ёсць падставы меркаваць, што намечаная станоўчая траекторыя захаваецца.

Але адмыслоўцы адзначаюць, што па-першае, паляпшэнне назіраецца толькі сезоннае – з-за збору ўраджаю. Таму эканамісты і не ўжываюць такі спосаб параўнання. А, па-другое, станоўчая тэндэнцыя – ня больш, чым эфект статыстыкі. Сёння Нацыянальны статыстычны камітэт панізіў сваю ранейшую ацэнку ВУП за першыя два кварталы – да мінус чатырох з паловай адсоткаў. У параўнанні з імі – трэці квартал, які закончыўся на гэтым тыдні, будзе выглядаць значна лепей.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:

«Калі існуе спакуса падманваць самых сябе, то можна маніпуляваць лічбамі гэтага году, мінулага году, што датычыць валавога ўнутранага прадукту, але ад гэтага абсалютна нічога не змяняецца».

Урад абгрунтоўвае свае надзеі на лепшыя і тым, што сёлета, нягледзячы на крызіс, Беларусь вытрымала пікавы перыяд выплатаў па замежнай запазычанасці, а значыць далей будзе прасцей. Але, насамрэч, траціна з сёлетніх выплатаў была проста перанесеная на наступны год.

Пачалося фармаванне дакументаў аб пераносе асноўнага цела крэдыту з гэтага году на наступныя гады. Гэта 750 мільёнаў долараў. І пачалася размова аб пераносе Еўразійскага крэдыту выплаты ў гэтым годзе, там, па-мойму 450 мільёнаў таксама.

Сёння міністэрства фінансаў Беларусі заявіла, што на гэтак-званым саюзным саўміне ў аўторак пытанне пераносу пазыкаў не абмяркоўвалася, як дакладвалі расейскія медыі. Але сам факт пераносу афіцыйны Менск не адмаўляе.Такім чынам, на думку незалежных прафсаюзаў, найбольш цяжкія выклікі перад беларускай эканомікай ня пройдзеныя, як сцвярджаюць улады, а проста перанесеныя на пасля выбараў.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:

«Ведаеце такую прымаўку французскую: мы думалі, што мы на дне, але тут знізу пастукалі. Так і ў нас».

Сёння, у адрозненне ад свайго беларускага калегі, міністр эканомікі Расеі Аляксей Улюкаеў заявіў, што аднаўлення росту эканомікі ў нашай усходняй суседкі пакуль не праглядаецца. Таму і ў беларускай прамысловасці, сканцэнтраванай на ўсходнім кірунку, прырываў, бліжэйшым часам, не прадбачыцца.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ