Выбары ў Беларусі 2015

Жыхары шматкватэрнага дома ў Менску абяцаюць байкот, бо не дачакаліся рамонту

video

Дом па вуліцы Каліноўскага не рэмантавалі ні разу за 46 год яго існавання, таму жыхары заявілі, што будуць байкатаваць выбары.

Па дакументах, капітальны рамонт быў запланаваны яшчэ на 2010, але ўжо колькі год яго пачатак пераносяць. Жыхары скардзяцца, што столь працякае, а зімой у кватэрах вельмі халодна, бо сістэма ацяплення грэе вуліцу, а не памяшканні.

«Нас не хочуць уцяпляць. Мы жывем тут з 1969 года і нас крыўдзяць, нас нельга крыўдзіць», – скардзіцца жыхарка дома Наталля Мікалаеўна.

Неабыякавыя ўладальнікі кватэр напісалі зварот Лукашэнку, і гэта дало пэўны плён: днямі з імі сустрэліся прадстаўнікі адміністрацыі раёна, ужо сёння пачнуць рамантаваць гаўбцы. Але чыноўнікі заявілі, што на ўцяпленне старога дома сродкаў няма. А без гэтага капітальны рамонт рабіць бессэнсоўна, мяркуюць жыхары.

«Калі нас не чуе наш ЖЭС, нашыя ўлады, то мы не пойдзем на выбары», – кажа жыхар дома Яўген.

У адміністрацыі Першамайскага раёну кажуць, што на поўны рамонт у іх няма грошай, а жыхары, у сваю чаргу, адмаўляюцца ісці ў нядзелю на ўчасткі.

Скаргу падпісалі 60 жыхароў дома, і хоць некаторыя кажуць, што падтрымліваюць Лукашэнку, на выбары ісці не збіраюцца.

Настасся Храловіч

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ